Леў XIV усё яшчэ чакае пераезду ў Апостальскі палац
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Пытанне аб дакладным часе пераезду Святога Айца ў афіцыйную рэзідэнцыю застаецца адкрытым. Кіраўнік Залы Друку Святога Пасада Матэа Бруні паведаміў, што канкрэтная дата пакуль не вызначана.
Пантыфік, як і да абрання 8 мая 2025 года жыве ў доме, дзе месціцца ватыканскае ведамства. Яго выбар на карысць Апостальскага палаца сведчыць пра жаданне вярнуцца да шматвяковай традыцыі, бо менавіта гэтыя сцены з шаснаццатага стагоддзя служылі прыватным домам для Наступнікаў Пятра. Яго папярэднік Францішак аддаў перавагу ватыканскаму “Дому святой Марты”.
Кватэра, якая пуставала амаль трынаццаць гадоў (апошнім Пантыфікам, які тут жыў, быў Бэнэдыкт XIV), рамантуецца ўжо некалькі месяцаў. Памяшканні на трэцім паверсе палаца пацярпелі ад вільгаці. Акрамя таго, мадэрнізуюцца водаправодныя і электрычныя сеткі, а таксама ўзмацняюцца меры бяспекі. У апошнія тыдні на даху рэгулярна працуюць работнікі, выкарыстоўваецца вялікі кран.
З моманту стварэння рэзідэнцыю неаднаразова перабудоўвалі і прыстасоўвалі да асабістых патрэб кожнага Пантыфіка і тэхналагічных навінак часу.
Усяму свету вядома акно Апостальскага палаца, з якога Папа кожную нядзелю ў 12.00 падчас малітвы "Анёл Пані" звяртаецца да людзей на Плошчы Святога Пятра. Вядомая таксама Папская прыватная бібліятэка, дзе Святы Айцец прымае на аўдыенцыі кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, а таксама іншых значных асоб.