Дзяржсакратар: напружанасць паміж ЗША і Еўропай шкодзіць свету
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падчас сустрэчы ў рымскім цэнтры “Антаніянум” (“Antonianum”), арганізаванай з нагоды 25-годдзя “Даследчага цэнтра незалежнага мыслення” (“Osservatorio for independent thinking”), Дзяржаўны сакратар Яго Святасці адказаў на вострыя пытанні журналістаў і моладзі.
Галоўнай тэмай сталі супярэчнасці паміж Злучанымі Штатамі і Еўропай, якія, на думку іерарха, не спрыяюць стабільнасці. “Важна ўхіляцца ад напружанасці, абмяркоўваць спрэчныя моманты, але не ўпадаць у супрацьстаянне”, - падкрэсліў ён.
Паводле слоў кардынала П’етра Параліна, Святы Пасад бачыць выхад у няўхільным захаванні міжнароднага права, незалежна ад асабістых сімпатый палітычных лідараў.
Запрашэнне да міру ў Газе
Адказваючы на пытанне пра ініцыятыву “Рады міру” (“Board of Peace”) па Газе, якую прасоўвае Дональд Трамп, кардынал Паралін пацвердзіў, што Папа Леў XIV атрымаў запрашэнне да ўдзелу. Зараз прапанова дэталёва вывучаецца. Ён удакладніў, што Святы Пасад не можа ўдзельнічаць у праекце фінансава, аднак яго роля – духоўная і дыпламатычная – заўсёды мае іншае вымярэнне.
Разважаючы пра канфлікт паміж Ізраілем і Палесцінай, кардынал Паралін яшчэ раз пацвердзіў пазіцыю Святога Пасада, які ўжо дзесяць гадоў прызнае Дзяржаву Палесціна. Ён назваў гэтую спрэчную тэрыторыю “ключом да міру на ўсім Блізкім Усходзе” – “калі гэтая сітуацыя будзе вырашаная, вырашацца і іншыя”.
Адказваючы на пытанне навучэнкі з ліцэя ў Казенцы, Дзяржсакратар нагадаў, што формула “два народы ў дзвюх дзяржавах” застаецца “яшчэ жыццяздольнай”, калі будзе знойдзена згода і дадзена сапраўдная надзея палесцінцам.
“Паглядзім, што прынясе “Рада міру” у сувязі з Газай. Трэба быць творчымі і распрацаваць такую формулу, якая гарантуе палесцінцам права жыць у міры на сваёй зямлі”, - сказаў кардынал.
Венесуэла: прыгожы край у глыбокім крызісе
Асабліва цёпла Паралін узгадаў гады свайго служэння ў якасці нунцыя ў Каракасе. Ён назваў Венесуэлу цудоўнай краінай, якая, на жаль, сутыкнулася з велізарнай няпэўнасцю і палітычнымі цяжкасцямі.
Сёння, прызнаў кардынал, краіна перажывае “новую сітуацыю велізарнай няпэўнасці”, дзе цяжка прагназаваць, у якім напрамку пойдзе развіццё падзей. Але для Касцёла ў Венесуэле галоўным застаецца не палітычны расклад, а лёс простых людзей: “Важна ісці насустрач насельніцтву, якое перажывае глыбокі крызіс”, - падкрэсліў ён.
Ядзернае раззбраенне і будучыня
Звяртаючыся да студэнтаў, кардынал Паралін падкрэсліў, што “Трэцяя фрагментарная сусветная вайна” стала рэальнасцю, але нельга дазваляць гэтай фразе ператварацца ў пусты лозунг. Ён зноў агучыў пазіцыю Касцёла: амаральным з’яўляецца не толькі выкарыстанне, але і само валоданне ядзернай зброяй.
Завяршаючы выступ, кіраўнік дыпламатыі Святога Пасада заклікаў журналістаў да адказнасці, бо іх місія – будаваць масты і дапамагаць грамадству ўсведамляць складанасць свету, у тым ліку і праз працу “Даследчага цэнтра незалежнага мыслення”, пазбягаючы радыкалізацыі і варожасці.