Пошук

Катэдральны сабор Брусэля Катэдральны сабор Брусэля  (ANSA)

Кардынал Паралін – папскі легат на 800-годдзі Брусельскага сабора

Кардынал-Дзяржсакратар прадставіць Папу на ўрачыстасцях з нагоды 800-годдзя катэдральнага сабора святых Міхаіла і Гудулы, якія пройдуць у Бруселі 11 студзеня 2026 года.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Леў XIV прызначыў кардынала П’етра Параліна сваім спецыяльным легатам на ўрачыстасці з нагоды 800-й гадавіны Брусельскай катэдры.

Катэдральны сабор у Бруселі быў пабудаваны ў 1226 годзе па рашэнні Генрыха ІІ, герцага Брабанцкага. Яго ўзвялі на месцы невялікага касцёла, які стаяў на скрыжаванні дарог, якія вялі ў Францыю і Германію. Сабор прысвечаны святым Міхаілу і Гудуле, апекунам горада.

11 студзеня 2026 года кардынал Паралін прыме ўдзел ва ўрачыстай Імшы, якую ўзначаліць арцыбіскуп Брусэльскі Люк Тэрліндэн. На ўрачыстасці будзе прысутнічаць каралеўская сям'я Бельгіі.

На працягу ўсяго 2026 года ў Бруселі пройдуць шматлікія культурныя і духоўныя мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай гадавіне: канцэрты, канферэнцыі, выставы пра гісторыю сабора, які лічыцца выдатным прыкладам брабанцкай готыкі.

03 студзеня 2026, 16:19