Пошук

Кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін Кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін   (ANSA)

Дзяржсакратар: эканоміка павінна быць больш гуманнай

Больш справядлівы свет стане магчымым толькі тады, калі ён будзе больш салідарным, а больш эфектыўная эканоміка – толькі тады, калі яна будзе больш гуманнай, - сцвердзіў кардынал Паралін на прэзентацыі кнігі ва ўніверсітэце “LUMSA”.

Марыя Валодзіна - Vatican News

28 студзеня 2026 года ў рымскім універсітэце “LUMSA” прайшла канферэнцыя “Этыка і эканоміка”, прысвечаная выхаду ў свет новай кнігі італьянскага даследчыка і прадпрымальніка Туліа Кімінаца “Прадпрыемства і грамадства. Разумныя людзі робяць Дабро” (Impresa e società. Le Persone intelligenti fanno il Bene). Мерапрыемства сабрала прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці, бізнесу, культуры і студэнтаў і стала не проста літаратурнай падзеяй, але нагодай для разважання і дыскусіі пра этыку, эканоміку і будучыню чалавецтва.

Кардынал-Дзяржсакратар П’етра Паралін падкрэсліў, што кніга Кімінаца – гэта не проста вынік інтэлектуальнай працы аднаго аўтара, а сведчанне культурнага і практычнага шляху, які доўжыўся больш за трыццаць пяць гадоў. Ён звярнуў увагу на дысцыпліну, якую Кімінаца вызначае як “этыка і эканоміка”. У яе аснове ляжыць глыбокае перакананне, што эканоміка не можа быць адарванай ад этыкі, калі яна хоча заставацца чалавечай, а этыка павінна займацца рэальнымі эканамічнымі працэсамі, калі яна жадае ўплываць на ход гісторыі.

Кардынал Паралін змясціў гэты падыход у кантэкст сацыяльнага вучэння Касцёла. Ён нагадаў пра духоўную пераемнасць энцыклік “Rerum Novarum” Льва XIII, “Centesimus Annus” святога Яна Паўла II, “Laudato Si’” Францішка і нядаўняга закліка Льва XIV да бяззбройнага супакою.

Ужо ў пачатку 1990-х прадстаўнікі Поўначы і Поўдня ўсвядомілі, што планета больш не можа быць прасторай супрацьстаяння, а павінна стаць “агульным домам”, у якім ніхто не будзе сістэмна выключаны з сацыяльнага і эканамічнага жыцця. З гэтага разумення нарадзіўся падыход, у якім салідарнасць разглядаецца як ключавы фактар развіцця. Кардынал Паралін падкрэсліў, што салідарнасць не змяншае эфектыўнасць, а, наадварот, здольная павышаць якасць і вынікі, становячыся сапраўдным множнікам эканамічнай карыснасці і чалавечнасці.

На яго думку, калі большасць жыхароў “агульнага дома” прыме гэты шлях, ён можа прывесці да новага эканамічнага гуманізму і да трывалага міру, які нараджаецца з інтэгральнага развіцця. Дзяржсакратар нагадаў знакамітыя словы Паўла VI аб тым, што “новае імя міру – развіццё”.

Кніга Туліа Кімінаца служыць інструментам для асэнсавання ключавых этапаў гэтага шляху, неабходным для разумення таго эвалюцыйнага скачка, які сёння патрабуецца ад эканомікі і грамадства. Скачка не толькі тэхнічнага або арганізацыйнага, але і этычнага, - сказаў кардынал Паралін, падкрэсліваючы, што больш справядлівы свет стане магчымым толькі тады, калі ён будзе больш салідарным, а больш эфектыўная эканоміка – толькі тады, калі яна будзе больш гуманнай.

29 студзеня 2026, 12:47