Кардынал П’етра Паралін Кардынал П’етра Паралін   ((foto © Teresa Tseng Kuang Yi))

Іран, Венесуэла, Грэнландыя: каментарый Дзяржсакратара

Кардынал П’етра Паралін выказаў глыбокі неспакой з нагоды падзей у Іране, згадаў няўдалыя мірныя намаганні ў Венесуэле і заклікаў да выхавання моладзі замест эскалацыі насілля.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кардынал-дзяржсакратар Паралін, размаўляючы з журналістамі пасля Эўхарыстыі з выстаўленнем рэліквій святога П’ера Джорджа Фрасаці ў рымскім “Domus Mariae” 17 студзеня 2026 года, падзяліўся сваёй ацэнкай вострых міжнародных крызісаў і драмы, якую перажывае маладое пакаленне.

Паралін звярнуў увагу адначасова і на геапалітычныя напружанні, і на трагічныя гісторыі канкрэтных людзей, падкрэсліваючы маральную адказнасць палітыкаў і грамадства.

“Бясконцая трагедыя” ў Іране

Гаворачы пра сітуацыю ў Іране, кардынал прызнаў стан “вялікай заклапочанасці”. Ён адкрыта спытаў, як магчыма так лютаваць супраць уласнага народа, калі ўжо загінула такая колькасць людзей, назваўшы тое, што адбываецца, “бясконцай трагедыяй”.

Звяртаючыся да Венесуэлы, кардынал Паралін нагадаў пра пастаянныя намаганні Святога Пасада дзеля негвалтоўнага выхаду з палітычнага крызісу. Ён прызнаўся, што была зроблена спроба дасягнуць пагаднення, каб пазбегнуць праліцця крыві, у тым ліку праз дыялог з прэзідэнтам Нікаласам Мадура і прадстаўнікамі рэжыму, але дамовіцца не ўдалося.

Іерарх выказаў надзею на тое, што перыяд “вялікай нявызначанасці” ўсё ж такі прывядзе да стабільнасці, эканамічнага абнаўлення і сапраўднай дэмакратызацыі краіны.

Грэнландыя і каштоўнасць шматбаковага супрацоўніцтва

Разважаючы пра напружанасць вакол Грэнландыі, Дзяржсакратар вярнуў увагу да прынцыпу шматбаковага супрацоўніцтва ў міжнародных адносінах.

Паводле яго слоў, стаўка на сілавыя рашэнні і адмова ад духу пасляваеннага супрацоўніцтва няўхільна набліжаюць сусветную палітыку да прорвы вайны.

Ён заўважыў, што мова прымусу і дэманстрацыя ваеннай моцы не могуць лічыцца ні прымальнымі, ні дзейснымі сродкамі для абароны ўласных інтарэсаў. Выхад з крызісаў іерарх бачыць выключна ў адраджэнні шматбаковай дыпламатыі, здольнай замяніць агрэсію на цярплівы пошук паразумення.

Больш выхавання, чым рэпрэсій

Каментуючы трагічную смерць студэнта, зарэзанага ў італьянскім універсітэце “Ла Спецыя”, кардынал Паралін засяродзіўся на адказнасці за выхаванне маладых.

Ён прызнаў неабходнасць належных мер бяспекі, але падкрэсліў, што адна толькі жорсткасць і кантроль не вырашаюць праблемы, калі не дапамагаць падлеткам “разважаць, умець цаніць пазітыўнае і не паддавацца плыні”.

Сваю пазіцыё кардынал Паралін сфармуляваў выразнай формулай: патрэбна “больш выхавання, чым рэпрэсій”, каб такія трагедыі не паўтараліся.
 

18 студзеня 2026, 11:39