“Асноўны закон Касцёла”: новая кніга пра касцёльнае заканадаўства
Марыя Валодзіна - Vatican News
У інтэрв'ю ватыканскім СМІ сакратар Дыкастэрыі па заканадаўчых тэкстах, біскуп Хуан Ігнасіа Арыета адзначыў, што новае выданне "Асноўны закон Касцёла. Дакументы працэсу распрацоўкі (1959–1983)" пралівае святло на сённяшнюю заканадаўчую сістэму Касцёла і на тое, як ў яе было ўключана вучэнне Другога Ватыканскага Сабора. У выданні сабраныя матэрыялы пленарных пасяджэнняў юрыстаў, працоўных сесій кансультантаў, праекты і справаздачы кансультацый, у якіх удзельнічалі епіскапаты ўсяго свету, факультэты кананічнага права і шматлікія эксперты.
Іерарх распавёў, што праект “Lex Ecclesiae Fundamentalis” доўжыўся амаль дваццаць гадоў: з 1964 да 1981. Ён быў распачаты пры Паўле VI і працягнуты святым Янам Паўлам II. Адной з яго мэт была гарманізацыя двух Кодэксаў кананічнага права, лацінскага і ўсходняга, у святле вучэння Другога Ватыканскага Сабора. На этапах яго падрыхтоўкі была атрымана вялікая колькасць матэрыялаў: меркаванні, заўвагі, тэксты, якія і ўвайшлі ў новае выданне.
У снежні 1981 года канчатковы дакумент “Lex Ecclesiae Fundamentalis” быў прадстаўлены Папе Яну Паўлу II. І хоць ён так і не быў абнародаваны як самастойны дакумент, значныя яго часткі ўвайшлі ў дзеючыя Кодэксы кананічнага права, у тым ліку ў нормы, якія тычацца асноўных правоў вернікаў, ролі і функцыі Папы і Калегіі біскупаў, - адзначыў біскуп Арыета.
Новае выданне адкрывае зацікаўленым чытачам доступ да ўнікальнай, глыбока сінадальнай рэфлексіі, якая тычыцца ўсяго кананічнага заканадаўства. Менавіта падчас працы камісіі, якая займалася распрацоўкай Асноўнага закона, у значнай ступені саспелі інстытуты, на якіх цяпер заснаваныя як лацінскі, так і ўсходні Кодэксы кананічнага права, і быў знойдзены спосаб гарманізаваць сакраментальную структуру Касцёла, створаную Другім Ватыканскім саборам, - падкрэсліў сакратар Дыкастэрыі па заканадаўчых тэкстах.