Святы Пасад: узмацніць рэагаванне на злачынствы супраць чалавечнасці
Марыя Валодзіна - Vatican News
Арцыбіскуп Габрыэле Кача выступіў з заявай падчас Агульных дэбатаў першай сесіі Падрыхтоўчага камітэта Дыпламатычнай канферэнцыі ААН па прадухіленні і пакаранні злачынстваў супраць чалавечнасці, якія 19 студзеня 2026 года прайшлі ў Нью-Ёрку.
Прадстаўнік Святога Пасада нагадаў словы Пія XII, які яшчэ ў 1953 годзе, разважаючы пра шырокамаштабныя зверствы, учыненыя супраць грамадзянскага насельніцтва падчас Другой сусветнай вайны, заклікаў да прыняцця міжнародных пагадненняў, здольных забяспечыць эфектыўную абарону мірных жыхароў і з юрыдычнай дакладнасцю вызначыць злачынствы супраць чалавечнасці. Нягледзячы на тое, што з таго часу мінула больш за 70 гадоў, гэты заклік застаецца актуальным і сёння, - лічыць ватыканскі дыпламат.
Арцыбіскуп Кача падкрэсліў, што парушэнні недатыкальнасці чалавечага жыцця працягваюцца і ў шэрагу рэгіёнаў становяцца ўсё больш частымі. Адсутнасць эфектыўных калектыўных адказаў прыводзіць да таго, што дзеці, жанчыны, а таксама прадстаўнікі этнічных і рэлігійных меншасцяў працягваюць пакутаваць ад пераследу, гвалту і забойстваў, што глыбока раніць чалавечую годнасць і маральнае сумленне чалавецтва.
Неабходнасць распрацоўкі эфектыўных мер
Апостальскі нунцый прывітаў афіцыйны пачатак працы Падрыхтоўчага камітэта, адзначыўшы, што ён адкрывае магчымасць для сістэмнага і ўзважанага рашэння адной з самых сур'ёзных праблем чалавецтва. Ён падкрэсліў, што злачынствы супраць чалавечнасці ўжо забароненыя міжнародным звычаёвым правам, а асноўны выклік сёння заключаецца не ў іх прызнанні, а ў распрацоўцы эфектыўных мер прадухілення і забеспячэння адказнасці.
Арцыбіскуп Кача таксама адзначыў важнасць захавання прававой узгодненасці і агульнапрынятых паняццяў міжнароднага права у будучых міжнародных прававых рамках. Ён нагадаў словы Льва XIV аб тым, што для сапраўднага дыялогу неабходна агульнае разуменне слоў і канцэпцый.
Роля дзяржаў і міжнароднай супольнасці
Абавязак прадухіляць злачынствы супраць чалавечнасці і супрацьстаяць ім ляжыць у першую чаргу на дзяржавах, - падкрэсліў прадстаўнік Святога Пасада. Менавіта нацыянальныя юрысдыкцыі нясуць асноўную адказнасць за расследаванне і судовы пераслед такіх злачынстваў. У той жа час міжнароднае супрацоўніцтва павінна адыгрываць незаменную дапаўняльную ролю, асабліва ў барацьбе з транснацыянальнымі аспектамі такіх злачынстваў, а таксама ў выпадках, калі дзяржавы не маюць дастатковых магчымасцяў для выканання сваіх абавязкаў. Такое супрацоўніцтва павінна ўмацоўваць, а не аслабляць прынцыпы камплементарнасці, належнай прававой працэдуры і павагі да асноўных правоў чалавека, - адзначыў іерарх.