Пошук

Арцыбіскуп Этарэ Балестрэра Арцыбіскуп Этарэ Балестрэра 

Святы Пасад у ААН: “не” – мілітарызацыі слоў і думак

Місія Святога Пасаду пры ААН у Жэневе правяла штогадовую міжрэлігійную сустрэчу, прысвечаную пасланню Папы на Сусветны дзень міру. Яна адбылася 28 студзеня 2026 года з удзелам каля 300 чалавек: дыпламатаў і рэлігійных лідараў.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Бяззбройны і раззбройваючы мір”, да якога заклікае Леў XIV, вядзе да прымірэння і супрацоўніцтва, адзначыў у прывітальным слове арцыбіскуп Этарэ Балестрэра, пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе. Ён заклікаў дыпламатаў супрацьстаяць “мілітарызацыі” думак і слоў, а вернікаў – змагацца з блюзнерскай спакусай апраўдання гвалту рэлігійнымі матывамі.

У сустрэчы браў удзел кардынал П’ербаціста Піцабала, Лацінскі патрыярх Іерусаліма, які заахвоціў міжнародную супольнасць не спыняцца ў імкненні да міру. “Адмаўленне ад міру азначала б прыняцце вайны як нармальнай мовы чалавечых і міжнародных адносін”, - падкрэсліў іерарх.

Звяртаючыся да сітуацыі ў Святой Зямлі, кардынал Піцабала падкрэсліў, што спынення агню недастаткова для дасягнення міру. “Не можа быць трывалага міру без справядлівасці, а справядлівасці не можа быць без прызнання іншага асобай, а не інструментам ці перашкодай”, - дадаў ён.

Міжрэлігійная сустрэча, падчас якой прагучалі разважанні хрысціянскіх, юдэйскіх, мусульманскіх і будысцкіх лідараў, завяршылася малітвай аб духу любові святога Францішка Асізскага, якую прамовіў біскуп Лазаны, Жэневы і Фрайбурга Шарль Марэро.
 

31 студзеня 2026, 11:53