Трываць у надзеі: пасланне да кансэкраваных асоб
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У сучасных рэаліях, напоўненых супярэчнасцямі і сацыяльнай напружанасцю, манахі і манахіні пакліканы стаць "жывым зернем у разорах гісторыі".
Дыкастэрыя па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця скіравала спецыяльны ліст да XXX Сусветнага дня кансэкраванага жыцця. Святы Пасад падкрэслівае, што быць сведкам Евангелля сёння – значыць выбіраць "актыўную надзею", якая не пакідае чалавека ў бядзе і не маўчыць перад абліччам несправядлівасці.
Дакумент звяртае асаблівую ўвагу на служэнне манаскіх супольнасцей у абставінах "інстытуцыйнай нестабільнасці". Гаворка ідзе як пра рэгіёны, дзе вернікі сустракаюцца з уціскам, так і пра краіны дабрабыту, дзе пашыраюцца адзінота і духоўная абыякавасць.
Як адзначае Дыкастэрыя, пакорная і стрыманая прысутнасць кансэкраваных асоб павінна стаць бачным знакам таго, што Бог заўсёды застаецца са сваім народам.
Евангельскае "трыванне" ўвасабляецца праз канкрэтныя жэсты: лагоднае слова, здольнае суцішыць гнеў, шчыры дыялог і апеку над самымі безабароннымі. Святы Пасад нагадвае: усе формы кансэкраванага жыцця – ад кантэмпляцыйных кляштараў да свецкіх інстытутаў – з’яднаныя агульнай місіяй. Яны пакліканы быць "рамеснікамі спакою", што будуюць культуру сустрэчы праз малітву і адказнасць.
Ліст, падпісаны кіраўніцтвам Дыкастэрыі – сястрой Сімонай Брамбілай, кардыналам Анхелем Арцімэ і сястрой Тыцыянай Мерлеці, завяршаецца пажаданнем кансэкраваным асобам быць "моцнымі ў надзеі і лагоднымі сэрцам", здольнымі нястомна пачынаць справу любові нанова.