Кардынал П'етра Паралін. Ілюстрацыйнае фота Кардынал П'етра Паралін. Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Кардынал Паралін: гвалт у Мінеапалісе непрымальны

Напружаная сітуацыя ў штаце Мінесота ў ЗША, пазіцыя Святога Пасада адносна Рады міру па Газе і размовы з дацкімі дыпламатамі аб Грэнландыі – гэтыя тэмы кардынал-дзяржсакратар П’етра Паралін пракаментаваў у размове з журналістамі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пытанні бліжэйшаму супрацоўніку Папы былі зададзены на палях канферэнцыі “Этыка і эканоміка”, якая 28 студзеня 2026 года прайшла ў рымскім універсітэце “LUMSA”. Адно з іх датычыла сітуацыі ў Мінеапалісе, дзе падчас аперацыі Іміграцыйнай і мытнай паліцыі загінулі два грамадзяніны ЗША.

“Пазіцыя Святога Пасада заўсёды заключаецца ў тым, каб пазбягаць якога-кольвекі гвалту, і таму падобныя інцыдэнты для нас непрымальныя”, - сказаў іерарх, падкрэсліваючы, што “цяжкасці, праблемы і супярэчнасці павінны вырашацца па-іншаму”.

“Праблемныя моманты” Рады міру

Кардынала Параліна папрасілі таксама пракаментаваць адкрыты ліст, скіраваны яму “Сеткай святароў супраць генацыду” з заклікам да Святога Пасада не ўдзельнічаць у Радзе міру па Газе, якая фарміруецца пад эгідай прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Журналісты спыталі яго, ці выпрацавана пазіцыя па гэтым пытанні і ці будзе Святы Пасад удзельнічаць у праекце.

Іерарх падкрэсліў, што прапанова ўдзелу ў Радзе яшчэ вывучаецца і ён з разуменнем ставіцца да існуючай занепакоенасці: у праекта ёсць крытычныя пункты, якія павінны ўлічвацца, перш чым даваць адказ. “Адказ пакуль не дадзены, але я лічу, што нельга забываць пра праблемныя моманты гэтага плана”, - дадаў Дзяржсакратар.

Размовы з дацкімі дыпламатамі аб Грэнландыі

Кардынал Паралін пацвердзіў, што падчас свайго нядаўняга візіту ў Данію сустракаўся з міністрам замежных спраў гэтай краіны, які паінфармаваў яго пра сітуацыю, звязаную з Грэнландыяй. “Ён расказаў мне пра свае кантакты з Вашынгтонам, якія былі высока ацэненыя. Я чуў таксама каментары з іншых бакоў, у прыватнасці ад лютэранскіх епіскапаў і іншых людзей, якія казалі, што дацкая грамадская думка задаволеная занятымі пазіцыямі. Не ўдаючыся ў падрабязнасці, лічу, што справа ідзе да вырашэння, да пагаднення. Дакладных умоў я цяпер не ведаю, але мне падалося, што і міністр замежных спраў быў даволі пазітыўна настроены пасля перамоў, якія адбыліся”, - адзначыў ватыканскі іерарх.
 

29 студзеня 2026, 09:57