Шлях да адзінства: кардынал Кох пра выклікі экуменізму
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Гэты год стане важнай вяхой – 500-годдзем Аўгсбургскага вызнання. Прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству адзначыў, што экуменізм становіцца сапраўднай дапамогай для грамадства толькі тады, калі ён сам з’яўляецца знакам адзінства, а не адлюстроўвае грамадскія падзелы.
Тэрміны ў экуменізме вызначае Дух Святы, а не мы
Тэксты сёлетняга Тыдня малітваў, падрыхтаваныя Армянскай Апостальскай Царквой, грунтуюцца на Пасланні да Эфесцаў. Кардынал Кох звярнуў увагу на сімвалізм такога выбару, нагадаўшы, што святы Павел пісаў гэты палкі заклік да еднасці, знаходзячыся ў зняволенні. Гэта падкрэслівае надзвычайную сур'ёзнасць пытання, бо ў турме не займаюцца дробязямі.
Кардынал Кох заўважыў, што 2030 год павінен быць не проста дэдлайнам, але момантам глыбокай рэфлексіі над пераадоленнем падзелаў. Ён прыгадаў думку тэолага Вольфхарта Паненберга аб тым, што касцельны раскол стаў паразай Рэфармацыі, паколькі Марцін Лютэр імкнуўся да абнаўлення ўсяго хрысціянства, а Езус Хрыстус жадаў аднаго Касцёла.
Спадчына Аўгсбурга і выклікі сучаснасці
Разважаючы над ідэяй Ёзэфа Ратцынгера прызнаць Аўгсбургскае веравызнанне (Confessio Augustana) “каталіцкім”, прэфект Дыкастэрыі паказаў на складанасці. Хоць дакумент шмат у чым застаецца сумесным, праблема палягае ў яго прызнанні з боку ўсіх пратэстанцкіх дэнамінацый. Кардынал падкрэсліў, што Касцёл можа прызнаць падставай вызнання толькі тое, што з’яўляецца бясспрэчным для іншай супольнасці.
Завяршаючы сваё выступленне, іерарх звярнуўся да спадчыны Нікейскага Сабора, 1700-годдзе якога адзначалася нядаўна. Ён з іроніяй заўважыў, што многія сучасныя хрысціяне ў душы застаюцца арыянамі. На думку кардынала, сапраўднае адзінства магчыма толькі праз агульную веру, і менавіта гэты выклік застаецца найбольш актуальным на шляху да Юбілейнага 2033 года ў Іерусаліме.