Кардынал П’етра Паралін падчас лекцыі з нагоды 325-й гадавіны заснавання Папскай касцёльнай акадэміі Кардынал П’етра Паралін падчас лекцыі з нагоды 325-й гадавіны заснавання Папскай касцёльнай акадэміі  (@Vatican Media)

325-годдзе дыпакадэміі: Паралін пра дыпламатыю ў часы крызісу

Мір – гэта не проста адсутнасць вайны, а плён справядлівасці, які патрабуе адвагі ў міжнародных адносінах. Гэта падкрэсліў Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці на юбілеі Папскай касцельнай акадэміі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кардынал П’етра Паралін, Дзяржаўны сакратар Яго Святасці і Вялікі канцлер Касцельнай акадэміі, выступіў з лекцыяй “Мір і справядлівасць у працы дыпламатыі Апостальскай Сталіцы перад абліччам новых выклікаў”.

Нагодай для сустрэчы ў ватыканскім Апостальскім палацы стала 325-годдзе з дня заснавання гэтай установы, якая рыхтуе будучых папскіх дыпламатаў.

Крызіс сусветнага парадку і роля Касцёла

У сваім выступленні іерарх адзначыў, што сучасная сістэма міжнародных адносін, пабудаваная восемдзесят гадоў таму, больш не адпавядае рэальнасці. Замест права на сцэну выходзіць сіла зброі, а замест дыялогу – палітыка выключэння.

Кардынал Паралін падкрэсліў неабходнасць новага стылю ў дыпламатыі, здольнага даць надзею свету, які пакутуе ад разрыву паміж багатымі і беднымі краінамі.

Lectio Magistralis кардынала Параліна
Lectio Magistralis кардынала Параліна   (@Vatican Media)

Сённяшняя бяспека не можа абмяжоўвацца выключна вайсковым аспектам. Паводле слоў Дзяржсакратара, яна павінна ўключаць харчовую, экалагічную, энергетычную і, што вельмі важна, рэлігійную сферы. Апошняя асабліва актуальная ў часы, калі вернікі сутыкаюцца з дыскрымінацыяй і прымусовай ізаляцыяй.

Дыпламатыя як “бяззбройны шлях”

Спасылаючыся на вучэнне Папы Льва XIV, кіраўнік дыпламатыі Святога Пасада нагадаў, што мір і справядлівасць караняцца ў хрысціянскай таямніцы. Гэта не проста палітычныя мэты, а дар, які патрабуе ад чалавека канкрэтных крокаў: медыяцыі, захавання міжнароднага права і ўмацавання супрацоўніцтва паміж народамі.

Праца дыпламата – гэта заўсёды служэнне агульнаму дабру, якое дазваляе кожнаму чалавеку і кожнай супольнасці дасягаць сваёй дасканаласці.

Кардынал Паралін заклікаў будучых дыпламатаў не быць проста назіральнікамі гісторыі, а стаць яе героямі, выкарыстоўваючы “бяззбройны шлях дыпламатыі” як адзіны магчымы сродак для пераадолення канфліктаў.

Lectio Magistralis кардынала Параліна
Lectio Magistralis кардынала Параліна   (@Vatican Media)
17 студзеня 2026, 12:02