Пошук

Дэлегацыя Сусветнай метадысцкай рады ў Папы Францішка. 16.12.2024 Дэлегацыя Сусветнай метадысцкай рады ў Папы Францішка. 16.12.2024  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Католікі і метадысты: ватыканская кніга пра шлях да адзінства

Да 1700-годдзя Нікейскага сабора Святы Пасад і Сусветная метадысцкая рада выпусцілі сумесную кнігу "Мы верым у адзінага Бога", якая падсумоўвае вынікі 60 гадоў тэалагічнага дыялогу.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Ватыканскае выдавецтва прэзентавала новае выданне, якое дакументуе гісторыю збліжэння паміж Каталіцкім Касцёлам і Сусветнай метадысцкай радай. Кніга пад назвай "Мы верым у адзінага Бога" збірае вынікі працы 11 справаздач Міжнароднай камісіі (MERCIC), створаных з моманту пачатку афіцыйнага дыялогу ў 1967 годзе.

Гэта не проста архіў дакументаў, а "сведчанне надзеі і заклік да больш глыбокай камуніі", як адзначаюць аўтары. Выданне стала своеасаблівым падарункам Цэрквам у год юбілею Нікейскага сабора – першай спробы хрысціян дасягнуць кансэнсусу.

Аздараўленне памяці і ўзаемны давер

Унікальнасць гэтага дыялогу палягае на тым, што паміж двума супольнасцямі няма гісторыі прамога разрыву, бо метадызм узнік як рух адраджэння ўнутры Англіканскай Царквы. Аднак, як адзначаецца ў кнізе, падзел усё ж існуе і патрабуе "аздараўленне памяці". Публікацыя шчыра разглядае як агульныя перакананні ў трынітарнай веры, так і існуючыя адрозненні ў пытаннях дактрыны, сакрамэнтаў і структур улады.

Асаблівая ўвага нададзена тэме Эўхарыстыі, дзе назіраецца "значнае збліжэнне": метадысты ўсё больш прызнаюць важнасць стала Пана, а католікі – значэнне прапаведавання Божага Слова. Хоць пытанне інтэркамуніі застаецца адкрытым, бакі заахвочваюць вернікаў максімальна выкарыстоўваць існуючыя магчымасці для супольнай малітвы.

Кніга не абмінае і вострых сацыяльна-этычных пытанняў, такіх як пасвячэнне жанчын і аднаполыя саюзы, пазначаючы іх як тэмы для далейшага вывучэння.

Гэта выданне стала важным знакам надзеі на працяг экуменічнага шляху.
 

11 снежня 2025, 10:50