Пошук

Вокладка набора паштовых марак і штэмпеляў за 2025 год Вокладка набора паштовых марак і штэмпеляў за 2025 год 

Святы Пасад прадставіў філатэлістычную праграму на 2026 год

Нумізматычна-філатэлістычная служба Ватыкана прадставіла праграму выпуску марак на 2026 год, якія будуць адлюстроўваць значныя падзеі і гадавіны ў жыцці Касцёла.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

23 снежня 2025 года ў Ватыкане паведамілі пра выпуск спецыяльнага паштовага штэмпеля, прысвечанага 59-му Сусветнаму дню міру, які будзе адзначацца 1 студзеня 2026 года. Яго эскіз натхнёны тэмай, якую Папа абраў для гэтага дня: “Супакой усім вам. На шляху да бяззбройнага і раззбройваючага міру”. На ім змешчана графічная выява Льва XIV і Езуса Хрыста, які пасля ўваскрасення прывітаў сваіх вучняў словамі: “Супакой вам”.

Значныя падзеі ў жыцці Касцёла

У 2026 годзе ў Ватыкане запланаваны выпуск марак з нагоды шэрагу значных гадавін у жыцці Касцёла. Гаворка ідзе пра: 600-годдзе аб’яўленняў Багародзіцы ў Монтэ-Берыка; 150-годдзе з дня нараджэння Пія XII; 200-годдзе дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і Бразіліяй; 300-годдзе з дня нараджэння святога Джэрарда Маелы; 40-годдзе энцыклікі “Dominum et vivificantem”; 325-годдзе з дня заснавання Папскай касцельнай акадэміі; 400-годдзе пасвячэння новай Базілікі Святога Пятра; 700-годдзе катэдральнага касцёла ў Таледа; 300-годдзе з дня кананізацыі святога Луіджы Ганзагі і 70-годдзе з дня смерці Ларэнца Перозі. Памятныя маркі будуць выпушчаны таксама з нагоды 800-годдзя з дня смерці святога Францішка Асізскага і першай гадавіны пантыфікату Льва XIV.

Штогадовыя выпускі

Прадугледжаны традыцыйныя выпускі, прысвечаныя падарожжам Папы, святам Вялікадня і Божага Нараджэння. Будзе выпушчана марка, прысвечаная пятаму году Дзесяцігоддзя аднаўлення экасістэм ААН, і марка ў межах серыі “Еўропа”, прымеркаваная да 70-годдзя гэтай агульнаеўрапейскай філатэлістычнай ініцыятывы. Плануецца таксама выпуск паштовак і філатэлістычнага набору “Ватыкан 2026”.

Набор філатэлістычнай прадукцыі за 2025 год

Ужо традыцыйна Служба выпусціла альбом на чатырох мовах з поўнай калекцыяй паштовых марак і штэмпеляў за 2025 год. На вокладцы змешчаны фотаздымак Льва XIV, зроблены падчас яго першага благаслаўлення “Urbi et Orbi” пасля абрання Біскупам Рыма. Тыраж выдання – усяго 1600 нумараваных асобнікаў, кожны з якіх каштуе 95 еўра.
 

23 снежня 2025, 11:20