Пошук

Кардынал Конрад Краеўскі Кардынал Конрад Краеўскі 

Кардынал Краеўскі на абедзе з беднымі: мір пачынаецца ў сэрцах

Апостальскі элемазінарый, кардынал Конрад Краеўскі, прыняў удзел у калядным абедзе для бедных, які быў арганізаваны 25 снежня 2025 года ў некалькіх кроках ад Ватыкана.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

З нагоды ўрачыстасці Божага Нараджэння каля ста бедных, у тым ліку некалькі бяздомных, атрымалі цёплую ежу, пачулі добрыя словы, сустрэлі клапатлівыя позіркі і ўвагу. Святочны абед прайшоў у дабрачынным цэнтры ў Палацы Мільёры, якім апякуецца Супольнасць святога Эгідзія пры падтрымкі Дыкастэрыі па міласэрным служэнні.

Заставацца з Богам, Які хоча быць з намі

Вітаючы прысутных на сустрэчы, кардынал Конрад Краеўскі заклікаў усіх “падзякаваць Богу, Які хоча быць з намі” і “заставацца з Ім – не аддаляцца ад Яго”. “Але перш за ўсё давайце памолімся за мір, якога так не хапае нашаму свету”, - сказаў іерарх.

Супакой пачынаецца ў сэрцы

Апостальскі элемазінарый нагадаў, што “мір пачынаецца з нас, з нашых сэрцаў, з нашага жыцця і сведчання”. Спасылаючыся на тое, пра што Леў XIV сказаў раней у пасланні перад благаслаўленнем “Urbi et Orbi”, ён заклікаў маліцца за тых, хто пакутуе ад самотнасці і адсутнасці міру, асабліва ў Газе, Украіне, краінах Афрыкі і многіх іншых частках свету.

Супольны святочны абед

Пасля супольнай малітвы госці дабрачыннага цэнтра, сярод якіх былі моладзь і пажылыя з розных краін свету, раздзялілі святочны абед за сталамі, накрытымі чырвонымі абрусамі. Святочнае меню ўключала лазанью, смажаную ялавічыну з бульбяным пюрэ, садавіну і традыцыйныя італьянскія слодычы.
 

26 снежня 2025, 10:27