Другі Ватыканскі: 60 гадоў шляху, які толькі пачынаецца
Тэкст: Андрэа Тарніелі / Адаптацыя: Аляксандр Амяльчэня
У сваім каментары, прысвечаным 60-годдзю заканчэння Другога Ватыканскага Сабору, праграмны дырэктар ватыканскіх медыя Андрэа Тарніелі нагадвае назіранне Бэнэдыкта XVI пра тое, што нельга прымаць веру як нешта само сабой зразумелае на фоне секулярызацыі і дэхрысціянізацыі.
Ён узгадвае таксама досвед арцыбіскупа Джавані Батысты Манціні ў пасляваенным Мілане, дзе "традыцыйнае хрысціянства" сутыкнулася не з адкрытай варожасцю, а з абыякавасцю.
Сабор паўстаў як адказ на пытанне: як па-новаму абвяшчаць Евангелле сучаснаму чалавеку?
На думку Тарніелі, дыскусіі вакол наступстваў Сабору часта падзяляюць Касцёл паміж тымі, хто бачыць у ім прычыну крызісу, і тымі, хто шукае выратавання ў простым прыстасаванні да свету.
Каментатар паказвае, што абодва падыходы ігнаруюць галоўнае пасланне канстытуцыі "Lumen gentium": Хрыстус ёсць святлом народаў, а Касцёл не з'яўляецца крыніцай святла, але пакліканы быць празрыстым для Яго ззяння.
Касцёл не крэпасць і не стратэгічны офіс, а прастора, праз якую праходзіць святло Хрыста
Гэты шлях, падкрэслівае Тарніелі, вядзе да Касцёла, вольнага ад самадастатковасці і замкнёнасці, здольнага прызнаць свае хібы і папрасіць прабачэння. Гэта супольнасць, якая шчыра вядзе дыялог, застаецца адкрытай на евангелізацыю і чулай да прысутнасці Пана ўсюды, дзе Ён жадае аб’явіцца.
Такі Касцёл становіцца домам міласэрнасці і гасціннасці, блізкім да бедных і выключаных; ён служыць міру і справядлівасці, каб заставацца соллю зямлі і ззяць святлом свету – не сваім, а Хрыстовым.
У гэтым рэчышчы Тарніелі прыводзіць словы Льва XIV, прамоўленыя 28 лістапада 2025 года ў стамбульскай катэдры. Папа нагадаў пра Бога, які “абраў шлях маласці, каб прыйсці да нас” і “не навязвае Сябе, патрабуючы ўвагі”. Творцу не патрэбны нашыя стратэгіі ці ваяўнічая рыторыка, каб стаць пазнаным.
Звяртаючыся ж да разважанняў Пантыфіка падчас малітвы “Анёл Панскі” 7 снежня 2025 года, аўтар бачыць у вобразе парастка, што прабіваецца на, здавалася б, мёртвым пні, сімвал Сабору.
Праз шэсцьдзясят гадоў, адзначае Тарніелі, мы ўсё яшчэ стаім на пачатку шляху, адкрытага Саборам, і менавіта нам даручана спрыяць гэтаму росту.