Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

У 2026 годзе сем кардыналаў адзначаць 80-годдзе

У 2026 годзе сем кардыналаў адзначаць 80-годдзе. Дасягненне гэтага ўзросту пазбавіць іх права голасу на канклаве. На цяперашні момант Калегія кардыналаў складаецца з 245 іерархаў, з якіх 124 – выбаршчыкі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

1 студзеня 80-гадовы юбілей адзначыць кенійскі кардынал Джон Нджуэ, арцыбіскуп-эмерыт Найробі. Кардынальскі тытул яму надаў у 2007 годзе Бэнэдыкт XVI. У сувязі з хваробай іерарх не прымаў удзелу ў канклаве, на якім быў абраны Леў XIV.

5 студзеня споўніцца 80 гадоў італьянскаму кардыналу Марыё Дзэнары. З 2008 года ён з’яўляецца Апостальскім нунцыем у Сірыі і заставаўся ў Дамаску на працягу ўсяго перыяду грамадзянскай вайны ў гэтай краіне. Кардынальскі тытул яму надаў Францішак у 2016 годзе.

30 студзеня 80-гадовага ўзросту дасягне французскі кардынал Крыстоф П’ер, Апостальскі нунцый у ЗША. Кардынальскую годнасць яму надаў Францішак у 2023 годзе.

15 красавіка 80 гадоў споўніцца італьянскаму кардыналу Фернанда Філоні, Вялікаму магістру Рыцарскага Ордэна Святога Гроба ў Іерусаліме, прэфекту-эмерыту Кангрэгацыі па справах евангелізацыі народаў і былому нунцыю ў Іраку, Іарданіі і на Філіпінах. Кардынальскі тытул яму надаў у 2012 годзе Бэнэдыкт XVI.

21 красавіка 80-гадовы юбілей адзначыць іспанскі кардынал Хуан Хасэ Амела, арцыбіскуп-эмерыт Барселонскі, старшыня Канферэнцыі Біскупаў Іспаніі з 2020 па 2024 год. Кардыналам яго прызначыў у 2017 годзе Францішак. Іерарх быў членам кардынальскай рады, якая дапамагала папярэдняму Пантыфіку рыхтаваць і праводзіць рэформу Рымскай курыі.

22 мая 80-годдзе адзначыць італьянскі кардынал Франчэска Монтэнэгра, арцыбіскуп-эмерыт Агрыджэнта – архідыяцэзіі, тэрыторыя якой ахоплівае поўдзень Сіцыліі і астравы Лампедуза і Ліноза. Кардынальскую годнасць іерарху, які быў шматгадовым старшынёй італьянскага “Caritas”, надаў Францішак у 2015 годзе.

18 ліпеня адзначыць 80-гадовы юбілей кардынал Майкл Чэрны. Канадскі езуіт чэшскага паходжання, з 2016 года іерарх служыць у структурах Апостальскай Сталіцы. У 2019 годзе Францішак надаў яму кардынальскую годнасць, а ў 2022 годзе прызначыў прэфектам Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.
 

30 снежня 2025, 12:02