Кардынал Паралін падчас візіту ў Мазамбік Кардынал Паралін падчас візіту ў Мазамбік 

Кардынал Паралін пасля візіту ў Мазамбік: Касцёл не пакінуў людзей

Напярэдадні Божага Нараджэння кардынал-дзяржсакратар П’етра Паралін здзейсніў візіт у Мазамбік. Ён падкрэсліў, што сітуацыя ў паўночным рэгіёне гэтай краіны рызыкуе трапіць у катэгорыю “забытых канфліктаў”.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Кардынал Паралін наведаў Мазамбік з 5 па 10 снежня 2025 года з нагоды 30-годдзя дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і гэтай афрыканскай краінай. У інтэрв’ю Андрэа Тарніелі, праграмнаму дырэктару ватыканскіх СМІ, ён расказаў, што прысвяціў два дні свайго візіту сустрэчам з бежанцамі з паўночных рэгіёнаў Мазамбіка, якія пацярпелі ад дзейнасці джыхадзістаў.

Пазбаўленыя самага неабходнага і будучыні

Іерарх заўважыў, што напады тэрарыстычных груповак справакавалі вялікую хвалю ўнутраных перасяленцаў, колькасць якіх напрыканцы 2023 года дасягнула каля 765 тысяч чалавек. Яны былі расселены ў лагерах для бежанцаў, дзе, нягледзячы на дапамогу з боку дабрачынных арганізацый, не хапае ежы, лекаў і нават пітной вады. Кардынал Паралін наведаў адзін з такіх цэнтраў, у якім пражывае каля 9200 чалавек, з якіх 3700 – дзеці.

“Дзеці ў гэтым лагеры, як і сотні тысяч у іншых лагерах, раскінутых па ўсім рэгіёне, рызыкуюць згубіць будучыню, бо не маюць дастатковых магчымасцей для адукацыі. Моладзь адчувае сябе вязнямі ў турме пад адкрытым небам, бо не хапае транспартных сродкаў, і яны не могуць выйсці, каб знайсці хоць нейкую працу ў бліжэйшых гарадах. Гэта быў вельмі балючы досвед. Вельмі шмат пакут, шмат смутку і шмат пытанняў паўставала з іх абліччаў”, – сказаў найбліжэйшы супрацоўнік Папы.

Хрысціянскія мучанікі

Кардынал Паралін адзначыў, што сітуацыя ў Кабу-Дэлгаду пачала пагаршацца ў 2017 годзе, калі ў рэгіёне пачалі дзейнічаць тэрарыстычныя групоўкі, звязаныя з “Ісламскай дзяржавай”. “Мелі месца і працягваюць здарацца выпадкі абезгалоўлівання хрысціян”, - сказаў ён.

Дзяржсакратар нагадаў, што канфлікт на поўначы Мазамбіка мае шмат прычын; адбываецца таксама выкарыстанне рэлігіі для апраўдання гвалту. Ён заўважыў, што гэта афрыканская краіна заўсёды характарызавалася мірным суіснаваннем мусульман і хрысціян.

“Сёння ў Кабу-Дэлгаду тэрарысты выкарыстоўваюць беднасць, беспрацоўе, шырокую незадаволенасць эксплуатацыяй значных мясцовых рэсурсаў, якая не прыносіць відавочнай карысці мясцоваму насельніцтву, а таксама этнічную і палітычную напружанасць і іншыя фактары, каб прыцягнуць у свае шэрагі моладзь. Мясцовае мусульманскае насельніцтва, якое складае большасць у правінцыі Кабу-Дэлгаду, супрацьстаіць інструменталізацыі рэлігіі, аднак унутры яго назіраецца рост сімпатый да джыхадзісцкага руху. Мячэці паступова становяцца месцамі радыкалізацыі. Насельніцтва, асабліва хрысціяне, а таксама памяркоўныя мусульмане, жывуць у страху і болю. Некаторыя з нашых вернікаў-католікаў прынялі смерць, не адрокшыся ад веры ў Езуса, укрыжанага і ўваскрослага”, – расказаў іерарх.

Касцёл побач з насельніцтвам

Кардынал Паралін заўважыў, што мясцовы Касцёл не пакінуў насельніцтва, якое пакутуе, і ён меў магчымасць падзякаваць яму за гэта сведчанне. Іерарх расказаў пра шырокую дабрачынную дзейнасць каталіцкіх арганізацый, якія супрацоўнічаюць са структурамі ААН. Ён заклікаў вернікаў ва ўсім свеце маліцца за абяздольных жыхароў Кабу-Дэлгаду і падтрымліваць дабрачынныя ініцыятывы на іх карысць. Дзяржсакратар пажадаў, каб Дзіцятка Езус прынёс мір народу Мазамбіка.
 

23 снежня 2025, 14:58