Новыя благаслаўлёныя: свецкі вернік з Аргенціны і мучанікі з Іспаніі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
18 снежня 2025 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі кардынала Марчэла Сэмерара, прэфекта Дыкастэрыі па справах кананізацыі, і ўхваліў прамульгацыю дэкрэтаў, падрыхтаваных гэтым ватыканскім ведамствам.
Будучыя благаслаўлёныя
Першы дакумент датычыць прызнання цуду, які адбыўся дзякуючы малітве праз заступніцтва свецкага верніка Энрыке Эрнэста Шоу (1921–1962) — аргенцінскага прадпрымальніка, бацькі пяці дзяцей, заснавальніка Хрысціянскага аб’яднання бізнесменаў.
Другі дэкрэт датычыць прызнання мучаніцтва іспанскага семінарыста Іньясіа Алекса Вакуэра і яго дзесяці паплечнікаў — святароў, семінарыстаў і свецкіх вернікаў, забітых з нянавісці да веры ў 1936–1937 гадах у ваколіцах Мадрыда.
Гераічнасць цнотаў
Папа ўхваліў таксама тры дэкрэты, якія датычаць прызнання гераічнасці цнотаў. Гаворка ідзе пра індыйскага дыяцэзіяльнага святара Джозэфа Панджыкарана (1888–1949), заснавальніка Медыцынскіх сясцёр святога Юзафа; італьянскага законніка Берарда Атона (свецкае імя Джузэпэ, 1843–1917) з Ордэна Меншых Братоў; а таксама італьянскую законніцу Даменіку Катарыну ад Святога Духа (свецкае імя Тэрэза Саляры, 1822–1908), заснавальніцу кангрэгацыі Сясцёр Дамініканак Маленькага Дома Божага Провіду.