Пошук

Вернікі падчас сустрэчы з Папам на малітве "Анёл Панскі" ў Ватыкане Вернікі падчас сустрэчы з Папам на малітве "Анёл Панскі" ў Ватыкане  (@VATICAN MEDIA )

2025 год: больш за 3 мільёны удзельнікаў аўдыенцый і цэлебрацый

На працягу 2025 года ўдзел у аўдыенцыях і літургічных цэлебрацыях у Ватыкане прынялі 3 176 620 чалавек, паведаміла 30 снежня Прэфектура Папскага дома.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Даныя, якія былі абнародаваныя ў Ватыкане, уключаюць удзельнікаў агульных і юбілейных аўдыенцый, спецыяльных аўдыенцый, літургічных цэлебрацый і сустрэч з Папам падчас малітвы “Анёл Панскі”.

У перыяд паміж студзенем і красавіком, у час пантыфікату Францішка, было зарэгістравана 262 820 удзельнікаў: 65 500 – на васьмі агульных і юбілейных аўдыенцыях, 10 320 – на спецыяльных аўдыенцыях, каля 62 000 – на літургічных цэлебрацыях і каля 130 000 – на малітве “Анёл Панскі”. 

З часу абрання Льва XIV на Пасад святога Пятра – з 8 мая да канца года – колькасць удзельнікаў склала 2 913 800 чалавек. З іх 1 069 000 было зарэгістравана на трыццаці шасці агульных і юбілейных аўдыенцыях; 148 300 – на спецыяльных аўдыенцыях, 796 500 – на літургічных цэлебрацыях і каля 900 000 – на малітве “Анёл Панскі”.

Найбольшая колькасць удзельнікаў марыйнай малітвы з Папам была ў снежні – 250 000 чалавек, а ў кастрычніку пік быў дасягнуты як на цэлебрацыях – каля 200 000 удзельнікаў, так і на агульных і юбілейных аўдыенцыях – каля 295 000.
 

30 снежня 2025, 16:44