Арцыбіскуп Габрыэле Кача, Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН Арцыбіскуп Габрыэле Кача, Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН 

Святы Пасад: лічбавы прагрэс павінен служыць агульнаму дабру

Развіццё інфармацыйных тэхналогій можа стаць магутным інструментам для пераадолення галечы і ўстойлівага развіцця, аднак без выразных этычных нормаў яно нясе сур’ёзныя рызыкі, - адзначыў Пастаянны назіральнік Святога Пасада пры ААН, выступаючы на міжнародным форуме ў Нью-Ёрку 17 снежня 2025 года.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У сваім звароце да удзельнікаў пасяджэння высокага ўзроўню, прысвечанага агляду вынікаў Сусветнага саміту па пытаннях інфармацыйнага грамадства (WSIS+20), прадстаўнік Святога Пасада падкрэсліў, што развіццё інфармацыйных і лічбавых тэхналогій адкрывае магчымасці для выкаранення галечы, эканамічнага росту, сацыяльнага развіцця і ўстойлівасці. Аднак гэтыя дасягненні нясуць і сур’ёзныя рызыкі, якія залежаць ад выбару пры іх распрацоўцы.

Па словах дыпламата, гэта асабліва відавочна ў сферы штучнага інтэлекту, дзе неабходныя этычная рэфлексія і гарантыі. Як папярэджвае Леў XIV, штучны інтэлект, адкрываючы новыя гарызонты для творчасці, адначасова выклікае сур'ёзныя асцярогі ў сувязі з магчымымі негатыўнымі наступствамі для адкрытасці чалавека на праўду і прыгажосць, а таксама для яго здольнасці здзіўляцца і разважаць.

Святы Пасад высока ацаніў раздзел выніковага дакумента WSIS+20, прысвечаны правам чалавека і этычным аспектам інфармацыйнага грамадства. У ім падкрэсліваецца неабходнасць эфектыўнага кіравання этычнымі нормамі і нарматыўна-прававой базай для абароны ўсіх карыстальнікаў, асабліва дзяцей, ад злоўжыванняў інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі, - адзначыў арцыбіскуп Кача.

Перавагі інфармацыйнага грамадства павінны быць даступнымі для ўсіх, у тым ліку для краін на шляху развіцця. Для гэтага неабходныя актыўнае міжнароднае супрацоўніцтва, інвестыцыі, інавацыі, а таксама фінансавыя і тэхналагічныя рэсурсы, здольныя скараціць глабальны лічбавы разрыў, - нагадаў назіральнік Святога Пасада.

Напрыканцы прамовы нунцый выказаў надзею на тое, што праз дзесяць гадоў вынікі тэхналагічных распрацовак будуць служыць інтарэсам ўсяго чалавецтва, застаючыся арыентаваным на годнасць чалавечай асобы і агульнае дабро, а таксама на справядлівасць, салідарнасць і сапраўдную павагу да жыцця.

Форум, у якім прыняў удзел арцыбіскуп Кача, з’яўляецца вынікам дваццацігадовага працэсу, распачатага Міжнародным саюзам электрасувязі і іншых агенцтв ААН. Яго мэта – падвесці вынікі Сусветнага саміту па пытаннях інфармацыйнага грамадства і вызначыць будучыя кірункі фарміравання інклюзіўнага і дэмакратычнага лічбавага асяроддзя. Высновы форума будуць прадстаўлены Генеральнай Асамблеі ААН.

18 снежня 2025, 10:54