Кардынал Рэйна: Юбілей пакідае нам сакрамэнт блізкасці Бога
Марыя Валодзіна - Vatican News
Святая Брама латэранскай базілікі была першай Брамай у гісторыі Юбілеяў: упершыню яна была адчынена ў 1423 годзе па ініцыятыве Папы Марціна V. Сучасная Святая Брама была створана скульптарам Фларыяна Бадзіні да Юбілею 2000 года. Яна ўяўляе сабой вялікі бронзавы абраз Маці Божай з Дзіцяткам Езусам, укрыжаванага Хрыста і герб святога Яна Паўла II.
Падчас сёлетняга Юбілею праз Святую Браму на Латэране прайшлі вернікі многіх рымскіх парафій, якія абралі рымскую катэдру ў якасці мэты сваіх пілігрымак. Латэранская базіліка мае асаблівае значэнне, бо носіць тытул “Маці і галавы ўсіх касцёлаў горада і свету”.
Пасля абраду закрыцця Святой Брамы ў базіліцы прайшла ўрачыстая літургія з удзелам хору Рымскай дыяцэзіі пад кіраўніцтвам маэстра мансеньёра Марка Фрызіны.
У гаміліі кардынал Рэйна спаслаўся на евангельскі ўрывак, які спалучае ў сабе таямніцу Божага Нараджэння з таямніцай Вялікадня, падкрэсліваючы еднасць Божага аб’яўлення і Яго блізкасць да чалавека. У дзень святога Яна, вучня, які стаў самым блізкім сябрам Хрыста, іерарх заклікаў паразважаць над вобразам пустой магілы і пытаннем: дзе шукаць Пана?
Гэтае пытанне задавалі шматлікія пілігрымы, якія сёлета прыбывалі ў Рым, каб сустрэцца з Хрыстом. Кардынал Рэйна нагадаў, што Бог часта здзіўляе чалавека: Ён сустракае нас там, дзе мы менш за ўсё чакаем – у беднасці, хваробе, граху. Ён запытаў: што гэта азначае для Рымскай дыяцэзіі? ці можна вызнаваць веру, не заўважаючы тых, хто страціў надзею і бачыць перад сабой толькі “пустую магілу”?
Паводле іерарха, місія Касцёла заключаецца ў тым, каб абвяшчаць прысутнасць Бога менавіта ў адсутнасці, не толькі словамі, але і канкрэтнымі жэстамі міласэрнасці.
Надзея на сустрэчу з Богам рухала тысячамі пілігрымаў, якія прайшлі па вуліцах Вечнага горада, нясучы ў сэрцах цяжар сваіх праблем і пакут. Яны праходзілі праз Святую Браму, каб сустрэць Езуса, і Брама захавала іх ласкавыя дотыкі і просьбы аб міласэрнасці, - сказаў кардынал Рэйна.
Гэты Юбілейны год пакідае нам сакрамэнт блізкасці Бога. Зачыненая Святая Брама не азначае канца Божай ласкі: Уваскрослы Хрыстус праходзіць і праз зачыненыя дзверы і нястомна стукае ў нашыя зачыненыя дзверы. Сапраўдная вера выяўляецца праз любоў і міласэрнасць да ўсіх, асабліва да тых, хто пакутуе, - нагадаў іерарх.
Напрыканцы гаміліі ён заклікаў распачаць новы этап у жыцці Рымскай дыяцэзіі, спасылаючыся на словы Льва XIV пра пакліканне рымскага Касцёла быць “лабараторыяй сінадальнасці”.
Вікарый даручыў Рымскую дыяцэзію заступніцтву святога Яна і Найсвяцейшай Панны Марыі, каб вернікі маглі сведчыць пра магчымасць новай гісторыі, дзе ўсё пераўтвараецца, пацвярджаючы, што Усемагутны ўчыніў для нас вялікія справы.