Пошук

Другое адвэнтавае казанне ў Ватыкане Другое адвэнтавае казанне ў Ватыкане  (@VATICAN MEDIA)

Айцец Пазаліні: сапраўдная еднасць не баіцца разнастайнасці

У другім адвэнтавым казанні айцец Раберта Пазаліні заахвоціў бачыць у Божай ласцы не толькі дар для асобнага чалавека, але і адказнасць за ўсю касцёльную супольнасць. Ён адзначыў, што еднасць веры не азначае аднастайнасці.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У медытацыі на тэму "Аднавіць Дом Пана. Касцёл без супрацьстаянняў”, якая прайшла ў Ватыкане 12 снежня 2025 года з удзелам Льва XIV, прапаведнік Папскага дому звярнуў увагу на далікатную адказнасць за прыняцце Божай ласкі не толькі асобнымі людзьмі, але і супольнасцю вернікаў. Ласка, якую чалавек прымае з хростам, робіць нас памочнікамі Бога, каб з часам пабудаваць Касцёл – Божы дом, у якім становіцца магчымай блізкасць з Богам і адзінства ўсяго чалавецтва.

Ілюзія аднастайнасці

Прапаведнік нагадаў тое, пра што ішла гаворка ў першым казанні: пасля Патопу Бог зноў благаславіў чалавецтва – Ноя і яго дзяцей – зноў даверыў ім зямлю. Гісторыя аднаўляецца ў новым тэмпе: з’яўляецца мноства народаў, моў, тэрыторый, генеалогій. Але чалавецтва адразу ж успрымае гэту разнастайнасць як пагрозу, нараджаецца страх перад рассейваннем. Вавілонская вежа – гэта спроба збудаваць адзінства праз аднастайнасць: адну мову, адны словы, адну мэту. Гэта мара пра свет, дзе ніхто не адрозніваецца, дзе ніхто не рызыкуе, дзе ўсё прадказальна.

Айцец Пазаліні правёў паралелі з сучаснасцю: ад таталітарызма XX стагоддзя да алгарытмаў, якія ізалююць чалавека ў інфармацыйныя бурбалкі, у якіх кожны сустракае толькі тых, хто думае гэтак жа, як ён. Нават у Касцёле на працягу гісторыі з'яўлялася спакуса замяніць адзінства аднастайнасцю.

Другая адвэнтавая медытацыя 2025 года
Другая адвэнтавая медытацыя 2025 года   (@VATICAN MEDIA)

Блытаніна як тэрапія

Па словах прапаведніка, змешванне моў – гэта жэст абароны, а не разбурэння. Бог не жадае роўнасці “цэглінак”, Ён вяртае чалавецтву самае каштоўнае дабро: магчымасць не быць аднолькавымі. Ён рассыпае чалавецтва, але толькі каб яно зноў навучылася будаваць супольнасць, не аднастайную, а едную. У Пяцідзясятніцу людзі розных народаў размаўляюць на розных мовах, але кожны на сваёй мове разумее Добрую Навіну. Разнастайнасць застаецца, але больш не падзяляе.

Храм будзе адноўлены

Айцец Пазаліні перайшоў да разважання пра вяртанне з Вавілонскага выгнання і намаганні па аднаўленні муроў Ерусаліма і Храма. Кожны будуе сваю частку муру перад уласным домам. Няма недахопу ў ворагах, якія перашкаджаюць аднаўленню: рэпатрыянты абавязаны абараняцца. Калі ж закладваецца новы падмурак Храма, народ адначасова і радуецца, і плача: ад радасці за новы пачатак і ад настальгіі па страчанай святыні. Сапраўднае абнаўленне Касцёла заўсёды складаецца з энтузіязму і слёз, новых парываў і глыбокіх шкадаванняў, - адзначыў прапаведнік.

Падчас другой адвэнтавай медытацыі 2025 года
Падчас другой адвэнтавай медытацыі 2025 года   (@VATICAN MEDIA)

Абнаўленне Касцёла

Касцёл увесь час патрабуе аднаўлення. Гэта добра разумеюць святыя, якія лепш за іншых адчуваюць, калі дом Божы праяўляе прыкметы стомленасці. Як Францішак Асізскі, які пачаў рамантаваць старыя камяніцы, а потым зразумеў, што Бог кліча яго рамантаваць сам Касцёл, паранены падзеламі і абцяжараны формамі жыцця, якія больш не раскрывалі свежасці Евангелля. Як сцвердзіў Другі Ватыканскі Сабор, Касцёл заўсёды патрабуе пастаяннай рэформы – continua reformatio, якая дазваляе яму заставацца верным Евангеллю і Апостальскаму мандату, - нагадаў прапаведнік.

Інтэрпрэтацыя заняпаду

Айцец Пазаліні нагадаў аб тым, што ў наш час суіснуюць крытычныя элементы і прыкметы дзіўнай жыццёвай сілы. У многіх краінах Касцёл перажывае колькасны і структурны спад, але паралельна хрысціянства квітнее ў многіх рэгіёнах свету, нараджаюцца новыя формы хрысціянскага жыцця, новыя харызмы, новае разуменне місіі, Сінадальны шлях.

Заняпад часам неабходны: зерню трэба памерці, каб прынесці плён. Кожнае абнаўленне ўключае ў сябе рэаліі, якія квітнеюць, а іншыя выміраюць. Сапраўднае абнаўленне, як у Ерузалеме, пачынаецца не з перабудовы ўсяго горада, а з невялікага ўчастку муру, са сціплых і канкрэтных жэстаў, якія кожны можа здзейсніць асабіста:уласнай вернасці, пакоры, міласэрнасці. Ніхто не можа аднавіць ўвесь Касцёл у адзіночку, аднак Касцёл абнаўляецца невялікімі часткамі.

Напрыканцы казання прапаведнік нагадаў, што Касцёл не ўзводзіцца чалавечымі намаганнямі: гэта Божы дар, які мы пакліканы вітаць, нават сёння, у час заняпаду і новых парасткаў, у адпаведнасці з Абяцаннем, у якім Бог будзе ўсім ва ўсіх. Айцец Пазаліні завяршыў сваё казанне малітвай аб тым, каб Бог працягваў дарыць Касцёлу ласку і каб народ вернікаў няспынна ўзрастаў у будаўніцтве нябеснага Ерузалема.

Другая адвэнтавая медытацыя 2025 года
Другая адвэнтавая медытацыя 2025 года   (@VATICAN MEDIA)
12 снежня 2025, 12:14