Пошук

Фрагмент святарскай стулы. Ілюстрацыйнае фота Фрагмент святарскай стулы. Ілюстрацыйнае фота 

Жанчыны і дыяканат: высновы спецкамісіі для Святога Айца

Спецыяльная Камісія прадставіла Льву XIV выніковы даклад па пытанні жаночага дыяканату, падкрэсліўшы адсутнасць гістарычных і дактрынальных падстаў для сакрамэнтальнага пасвячэння.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Камісія, створаная для вывучэння магчымасці дыяканату жанчын, перадала Святому Айцу кароткі выніковы даклад сваёй працы. Дакумент, закліканы дапамагчы ў працэсе распазнання, абапіраецца на гістарычныя даследаванні і тэалагічныя высновы, зробленыя цягам некалькіх сесій.

Гістарычны кантэкст і сакрамэнтальны характар

Даследчыкі пацвердзілі высновы папярэдняй Міжнароднай тэалагічнай камісіі: хоць у гісторыі існавалі жанчыны-дыяканы, іх служэнне не было тоесным мужчынскаму дыяканату.

У 2021 годзе другая Камісія аднагалосна прыйшла да высновы, што, паводле наяўных гістарычных і біблейскіх сведчанняў, жаночы дыяканат развіваўся нераўнамерна і, верагодна, не меў сакрамэнтальнага характару, як гэта разумеецца ў дачыненні да мужчын. Было адзначана, што чыста гістарычны падыход не дае канчатковага адказу, і рашэнне павінна прымацца на ўзроўні дактрыны.

Галасаванне і пазіцыя чальцоў Камісіі

Падчас працы чальцы Камісіі галасавалі па ключавых тэзісах. У 2021 годзе ўсе 10 з іх пагадзіліся, што сістэматычнае вывучэнне пытання ў святле тэалогіі сакрамэнту пасвячэння выклікае сумневы ў сумяшчальнасці жаночага дыяканату з каталіцкай дактрынай. Большасць чальцоў (5 супраць 2 пры адным, хто ўстрымаўся) выказалася супраць устанаўлення жаночага дыяканату як трэцяй ступені пасвячэння ў цяперашні час, пакідаючы пры гэтым магчымасць для далейшага вывучэння пытання.

У ліпені 2022 года Камісія большасцю галасоў (7 "за", 1 "супраць") прыняла тэзіс, што бягучы стан гістарычных і тэалагічных даследаванняў выключае магчымасць допуску жанчын да дыяканату як ступені сакрамэнту пасвячэння, хоць гэта і не з'яўляецца канчатковым меркаваннем.

Новыя паслугі і грамадскі рэзананс

Абмеркаванне закранула і тэму новых паслуг. Камісія аднагалосна падтрымала ідэю, што ўвядзенне такіх інстытутаў магло б спрыяць сінэргіі паміж мужчынамі і жанчынамі, патрабуючы пры гэтым адпаведнай фармацыі.

У лютым 2025 года быў прааналізаваны масіў лістоў і прапаноў, атрыманых ад вернікаў. Нягледзячы на актыўнасць асобных груп, Камісія адзначыла адсутнасць шырокага кансэнсусу сярод Божага народа. Многія жанчыны, якія ўжо выконваюць дыяканскія функцыі, выказвалі жаданне атрымаць пасвячэнне дзеля прызнання і роўнасці, аднак іх аргументы часта супярэчаць Традыцыі.

У дакуменце таксама адзначана, што пытанне мужчынскага характару пасвячэння, звязанае з вобразам Хрыста, выклікала падзел думак: палова чальцоў Камісіі лічыць гэта неад'емнай часткай сакрамэнтальнай ідэнтычнасці, іншая палова прапанавала выключыць гэты тэзіс.

У выніку Камісія рэкамендавала пашыраць доступ жанчын да ўстаноўленых касцельных паслуг, не звязаных з сакрамэнтальным пасвячэннем, што стала б прарочым знакам прызнання іх служэння без змены дактрыны.
 

04 снежня 2025, 12:03