Паралін: Пан прысутнічае ў нашых экзістэнцыяльных пустынях
Марыя Валодзіна - Vatican News
13 снежня 2025 года ў ватыканскай базіліцы адбылася Святая Імша з нагоды Юбілею швейцарскай гвардыі, ватыканскай жандармерыі і пажарнай службы. Кардынал Паралін заклікаў вернікаў вітаць радасць і парадокс Збаўлення нават у цісках вялікага болю, як гэта рабіў святы Ян Хрысціцель. “Пан прыходзіць і наведвае нас у нашых экзістэнцыяльных пустынях: Ён не ліквідуе праблемы, але дапамагае нам вырашаць іх разам з Ім”, - сказаў ён у гаміліі.
Іерарх падкрэсліў, што радасць Юбілею асаблівым чынам прызначана для тых, хто адчувае сябе пакінутым або страціў надзею. Пан жадае, каб гэтая радасць дасягнула тых, хто пазбаўлены шчасця, паглынуты плачам, заціснуты ў ціскі цяжкага смутку або занадта вялікага болю. "Гучыць парадаксальна", але гэты парадокс – шырока адчыненыя дзверы, якія адкрываюць чалавеку большую рэчаіснасць і дазваляюць пераадолець абмежаванасць сваіх думак.
Святы Ян Хрысціцель, нават у турме, працягваў заклікаць грэшнікаў да пакаяння, сведчачы аб тым, што нават у цяжкасцях Бог не пакідае чалавека. Збаўленне асабліва датычыць самых бедных, тых, хто дасягнуў дна. Яно адбываецца не па-за болем, пакутамі або смерцю, а менавіта ў гэтых трагічных выпрабаваннях чалавечага жыцця, - адзначыў кардынал Паралін.
Шлях Пана – не чароўнае вырашэнне праблем, а прысутнасць сярод чалавечых пакут і болю і падтрымка ў іх. Прарок Ісая апісвае гэтую экзістэнцыяльную фазу як росквіт пустыні: там, дзе, здавалася, панавала ўбоства смерці, нечакана адраджаецца жыццё. Суцяшэнне і радасць, якая зыходзіць ад Хрыста, робяць нас велікадушнымі, здольнымі, у сваю чаргу, адчуць боль іншага і дапамагчы яму, - сказаў Дзяржсакратар.
Напрыканцы гаміліі кардынал Паралін даручыў вернікаў Марыі, “крыніцы радасці”, каб нават у выпрабаваннях спакойная вера і ўпэўненая надзея прыносілі шчаслівае жыццё.