Балкон Базілікі Святога Пятра Балкон Базілікі Святога Пятра  (ANSA)

Базіліка Святога Пятра: новая прастора для дыялогу і падтрымкі

У Базіліцы Святога Пятра запрацавала “Прастора слухання”. Святары і свецкія асобы гатовы выслухаць кожнага, хто шукае духоўнай размовы і падтрымкі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Святыя Дзверы, адчыненыя на час, натхнілі нас адкрыць ‘іншыя дзверы’ ў Базіліцы Святога Пятра і стварыць прастору слухання”, - патлумачыў сакратар Фабрыкі святога Пятра, мансеньёр Арацыа Пэпэ. Гэтая ўстанова адказвае за кіраванне, утрыманне і аздабленне ватыканскай святыні.

Паводле яго слоў, гэта “адкрытая прастора, магчымасць для сустрэчы, месца, дзе брат: святар, манахіня, свецкая асоба – слухае іншага брата ў чалавецтве”.

Новая прастора дае магчымасць “ачысціць сэрца ад цяжару, болю, які тоіць у сабе жыццё, сумневаў і экзістэнцыяльных пытанняў, на якія немагчыма знайсці адказы”.

Падкрэсліваецца, што для католікаў асоба, якая слухае, не замяняе спаведніка, што ўдзяляе сакрамэнт паяднання. Гэта хутчэй прыпынак, які дазваляе кожнаму паразмаўляць з уласнымі думкамі і супаставіць іх з чалавекам, гатовым выслухаць.

На думку мансеньёра Пэпэ, для тых, хто ўваходзіць у Базіліку як турыст у пошуках прыгажосці, гэтая прастора можа стаць “непаўторнай магчымасцю, правакацыяй задаць сабе значныя пытанні пра жыццё, а таксама пытанне пра Бога”.
 

03 лістапада 2025, 15:10