Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер 

Арцыбіскуп Галахер распачаў афіцыйны візіт у Шры-Ланку

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер распачаў візіт у Шры-Ланку. Іерарх сустрэнецца з дзяржаўным і касцёльным кіраўніцтвам краіны і наведае месцы тэрактаў, што адбыліся на Вялікдзень у 2019 годзе.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Афіцыйны візіт сакратара па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі ў Шры-Ланку працягнецца з 3 па 9 лістапада. Ён адбываецца з нагоды 50-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і гэтай азіяцкай краінай. Мэта падарожжа – умацаванне супрацоўніцтва і супольных намаганняў на карысць міру.

3 лістапада арцыбіскуп Галахер сустрэнецца з прэм’ер-міністрам Шры-Ланкі Харыні Асарасурыяй, а 4 лістапада – з прэзідэнтам Анурам Камарам Дысанаяке і міністрам замежных спраў Віджытам Хератам. У гэты ж дзень іерарх возьме ўдзел у канферэнцыі, прысвечанай намаганням Святога Пасаду на карысць дыялогу і міру, прымеркаванай да паўвекавога юбілею дыпламатычных стасункаў.

5 лістапада папскі дыпламат наведае месцы тэрактаў, што адбыліся на Вялікдзень 2019 года і прывялі да гібелі больш як 250 чалавек. Пасля гэтага ён будзе цэлебраваць Імшу ў катэдральным касцёле святой Люцыі ў Каломба і сустрэнецца з мясцовым епіскапатам.

6 лістапада візіт будзе праходзіць пад знакам міжрэлігійнага дыялогу. У горадзе Канды запланаваныя сустрэчы арцыбіскупа Галахера з рэлігійнымі лідарамі Малваты і Асгірыі, а таксама наведванне будысцкага храму.

У апошні дзень падарожжа, 7 лістапада, прадстаўнік Святога Айца здзейсніць візіт у духоўную семінарыю Маці Божай Апякункі Ланкі, дзе сустрэнецца з семінарыстамі і выкладчыкамі.
 

03 лістапада 2025, 08:43