Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад занепакоены ўзроўнем самагубстваў сярод моладзі

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер у ААН заклікаў падтрымліваць новыя пакаленні, каб яны сталі архітэктарамі міру, ахоўнікамі стварэння і будаўнікамі больш справядлівага грамадства.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Сакратар па адносінах Святога Пасада з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі працягвае ўдзел у 80-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, якая праходзіць у Нью-Ёрку. Прадстаўнік Папы ўзяў слова падчас дзвюх сустрэч высокага ўзроўню, якія былі прысвечаны моладзі і пытанням у сферы здароўя ў свеце.

Гаворачы пра важнасць падтрымкі моладзі, іерарх адзначыў, што новыя пакаленні сёння сутыкаюцца з сур’ёзнымі выклікамі, якія перашкаджаюць іх развіццю і змяншаюць усведамленне ўласнай годнасці: войны, сацыяльная несправядлівасць, няроўнасць, голад, эксплуатацыя людзей і навакольнага асяроддзя.

Сярод асабліва вострых праблем арцыбіскуп Галлахер вылучыў пазбаўленне вялікай колькасці маладых людзей – асабліва жанчын – адукацыйных і працоўных магчымасцяў. У свеце больш за 20 працэнтаў моладзі не ўдзельнічае ў адукацыйных, працоўных ці прафесійных праграмах, што, як зазначыў ватыканскі дыпламат, “павышае рызыку праблем з псіхічным здароўем і сацыяльнай ізаляцыі”.

На сустрэчы, прысвечанай пытанням здароўя, папскі пасланнік выказаў глыбокую занепакоенасць Святога Пасада высокім узроўнем спроб самагубстваў, якія адбываюцца штогод, асабліва таму, што самагубства сёння “адна з асноўных прычын смяротнасці сярод моладзі”. Ён адзначыў, што “дапамога ў самагубстве ў любым выглядзе парушае медыцынскую этыку і чалавечую годнасць, бо годнасць кожнага чалавека, нават самага ўразлівага ці пакутуючага – гэта годнасць усіх нас”.

Сакратар па адносінах з дзяржавамі нагадаў пра неабходнасць адноўленага палітычнага імкнення і шырэйшага ўдзелу на карысць спрыяння прафілактыцы і здароваму ладу жыцця.

Арцыбіскуп Галлахер таксама нагадаў, што праблемы псіхічнага здароўя застаюцца “асноўнай прычынай смяротнасці і інваліднасці ў свеце, асабліва ў краінах з нізкім і сярэднім даходам”. Ён падкрэсліў прыхільнасць Каталіцкага Касцёла аказанню медыцынскай дапамогі і садзейнічанню дабрабыту праз яго ўстановы, асабліва на карысць бедных, слабых і патрабуючых.
 

29 верасня 2025, 12:57