Пошук

Кардынал Джордж Коавакад і прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў Кардынал Джордж Коавакад і прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў 

Кардынал Коавакад: свет патрабуе супрацоўніцтва рэлігій

Справядлівае развіццё для ўсіх, прызнанне таго, што без Бога няма надзеі, і разуменне таго, што ніхто не выратуецца ў адзіночку. Пра гэтыя тры ключавыя фактары казаў кардынал Джордж Джэйкаб Коавакад на адкрыцці VIII Кангрэса кіраўнікоў сусветных і традыцыйных рэлігій у Астане.

Vatican News

Кангрэс праходзіць у Астане 17-18 верасня 2025 года пад дэвізам “Дыялог рэлігій – сінергія для будучыні”.

У сваёй прамове прэфект Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу адзначыў, што сустрэча адбываецца ў вырашальны момант у гісторыі чалавецтва і планеты. Лёгка адчуць безнадзейнасць, калі паўсюль апавядаюць пра “канфлікты, войны, гвалт, разбурэнні, гандлёвыя войны і стыхійныя бедствы”. Іерарх прапанаваў удзельнікам форума паразважаць над тым, як асвятліць гэтыя змрочныя часы.

Прадстаўнік Святога Пасада звярнуў увагу на тры фактары, якія, на яго думку, з'яўляюцца неабходнымі для мірабудаўніцтва і міжрэлігійнага супрацоўніцтва.

Развіццё кожнага чалавека

Па-першае, “гэта неабходнасць сацыяльнага, эканамічнага, культурнага і духоўнага развіцця кожнага чалавека”. У сваёй энцыкліцы "Populorum Progressio" Павел VI нагадаў, што развіццё – гэта новая назва міру. Развіццё – гэта перадумова, якая дазваляе людзям жыць годна, без празмернага ціску, з магчымасцю быць шчаслівымі. Гэты дабрабыт не можа быць прызначаны толькі для некаторых. Ён павінен быць справядлівым, інакш ён не будзе даўгавечным”, - падкрэсліў кардынал Коавакад.

Няма надзеі без Бога

Па-другое, “няма надзеі без Бога, які ёсць найвышэйшай ісцінай”, - зазначыў прэфект. Ён нагадаў, што “нашы рэлігійныя традыцыі спарадзілі культуры і цывілізацыі, адначасова абараняючы правы і павагу да чалавечай годнасці і да Зямлі. Сёння мы павінны вярнуцца да гэтых вытокаў, каб духоўна абнавіцца і працаваць разам дзеля агульнага дабра”.

Прыкладам таго, як глабальная этыка можа засноўвацца на рэлігійных традыцыях з'яўляюцца Дзесяць запаведзяў. “Калі пераасэнсаваць запаведзі ў сённяшнім кантэксце, яны могуць натхніць на канкрэтныя шляхі да міру і прымірэння”, - лічыць іерарх. “Наш абавязак як рэлігійных лідараў – прышчапіць зямному грамадству ўніверсальныя каштоўнасці, закладзеныя ў нашых адпаведных рэлігійных традыцыях, каб накіраваць гісторыю ў рэчышча гарманічнага свету”, - дадаў ён.

Нельга выратавацца ў адзіночку

Трэці фактар – салідарнасць, бо “мы ўзаемазвязаныя і ўзаемазалежныя”. “Нашы рэлігіі вучаць нас, што мы – адна чалавечая сям'я, браты і сёстры адзін аднаму”. Мы ў адной лодцы, і праблемы аднаго чалавека – гэта праблемы ўсіх. Ніхто не выратуецца ў адзіночку, толькі разам. Супрацоўніцтва не з'яўляецца неабавязковым, яно неабходна, падкрэсліў прэфект Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу.

17 верасня 2025, 22:21