Пошук

Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН арцыбіскуп Габрыэле Кача Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН арцыбіскуп Габрыэле Кача 

Святы Пасад: дзве дзяржавы – ключ да міру на Блізкім Усходзе

Рашэнне аб стварэнні дзвюх дзяржаў з’яўляецца адзіным жыццяздольным шляхам да міру, - сцвердзіў арцыбіскуп Габрыэле Кача на Міжнароднай канферэнцыі высокага ўзроўню па мірным урэгуляванні палесцінскага пытання, якая 28–30 ліпеня 2025 года прайшла ў Нью-Ёрку.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН пачаў сваю прамову з рашучага асуджэння тэрарыстычнай атакі ХАМАС на народ Ізраіля. " Тэрарызму ніколі не можа быць апраўдання”, - сцвердзіў ён. Пры гэтым арцыбіскуп Кача падкрэсліў, што права на самаабарону павінна ажыццяўляцца ў межах неабходнасці і суразмернасці.

Гуманітарны крызіс у Газе

Прадстаўнік Святога Пасада выказаў глыбокую занепакоенасць абвастрэннем гуманітарнага крызісу ў Сектары Газа. Гіне грамадзянскае насельніцтва, шматлікія дзеці. Разбураны дамы, шпіталі і храмы. Апошняя атака на парафію Святой Сям’і нанесла дадатковую рану і без таго знясіленай супольнасці. Гэта выклікае сур'ёзную занепакоенасць, бо хрысціяне на Блізкім Усходзе заўсёды былі фактарам стрымлівання, стабільнасці і дыялогу.

Масавае перамяшчэнне сем’яў, калапс жыццёва неабходных службаў, галеча і голад – усё гэта патрабуе неадкладных дзеянняў з боку міжнароднай супольнасці. Святы Пасад заклікае да неадкладнага спынення агню, вызвалення ўсіх ізраільскіх закладнікаў, вяртання цел загінулых, абароны ўсіх мірных жыхароў Палесціны ў адпаведнасці з міжнародным гуманітарным правам, і бесперашкоднай дастаўкі гуманітарнай дапамогі, - адзначыў ватыканскі дыпламат.

Рашэнне аб стварэнні дзвюх дзяржаў

Святы Пасад перакананы, што рашэнне аб стварэнні дзвюх дзяржаў, з бяспечнымі і міжнародна прызнанымі межамі, з’яўляецца адзіным справядлівым і жыццяздольным шляхам да трывалага міру. Апостальская Сталіца ўжо зрабіла канкрэтныя крокі ў гэтым напрамку, афіцыйна прызнаўшы ў 1993 годзе дзяржаву Ізраіль, а ў 2015 годзе – дзяржаву Палесціна, - падкрэсліў іерарх.

Святы Пасад працягвае падтрымліваць неад’емныя правы палесцінскага народа, у тым ліку права на самавызначэнне, а таксама законнае жаданне жыць у свабодзе, бяспецы і годнасці ў незалежнай і суверэннай дзяржаве, - нагадаў арцыбіскуп Кача.

Спецыяльны статус для Іерусаліма

Іерусалім мае ўнікальнае духоўнае і культурнае значэнне для хрысціян, яўрэяў і мусульман. Ён патрабуе спецыяльнага статусу, які гарантаваў бы годнасць і правы ўсіх жыхароў; роўнасць перад законам для супольнасцяў трох манатэістычных рэлігій; і захаванне святасці горада і яго духоўнай і культурнай спадчыны, - нагадаў арцыбіскуп Кача.

Неабходна гарантаваць ахову святых месцаў і права праводзіць там набажэнствы. Трэба захоўваць статус-кво там, дзе ён дзейнічае. Недапушчальна, каб хрысціяне адчувалі пагрозу ў старым горадзе Іерусаліма, - сцвердзіў Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН.

31 ліпеня 2025, 10:57