Крыкет як інструмент дыялогу: новыя матчы “Athletica Vaticana”
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Гульня, якая адбудзецца на пляцоўцы "Roma Capannelle Cricket Ground" на тэрыторыі гістарычнага рымскага іпадрома, стане працягам серыі міжнародных матчаў ватыканскай крыкетнай каманды, якая раней правяла чатыры гульні з камандамі каралевы Елізаветы (Queen's XI) і караля Карла (King's XI).
Брытанская парламенцкая каманда, заснаваная ў 1850 годзе, складаецца з дзеючых і былых парламентарыяў розных палітычных поглядаў, а таксама персаналу парламента.
Святары ў крыкетнай форме: місія збліжэння
"Мы святары і семінарысты, якія гуляюць у крыкет, а не прафесійныя крыкетысты, якія з'яўляюцца святарамі і семінарыстамі", - тлумачыць ксёндз Імон О'Хігінс, ірландзец, дырэктар крыкетнай каманды "Athletica Vaticana". Пад кіраўніцтвам аўстралійскага трэнера Дэйна Майкла Кірбі каманда развівае не толькі спартыўныя навыкі, але і духоўны досвед праз спорт.
Напярэдадні матча, 4 красавіка 2025 года, брытанская каманда наведае Базіліку Святога Пятра і сустрэнецца з паслом Вялікабрытаніі пры Святым Пасадзе Крыстаферам Тротам.
"Light of Faith Tour": крыкет для ўсіх
"Vatican Cricket Team" актыўна выкарыстоўвае спорт як інструмент дыялогу і збліжэння. З 1 па 9 ліпеня 2025 года ў Лондане адбудзецца адзінаццаты "Light of Faith Tour", арганізаваны ватыканскай камандай. Матчы пройдуць у перыферыйных раёнах, турмах і з удзелам моладзі з інваліднасцю з Англіі, Партугаліі, Італіі, Аргенціны, Кеніі, Мальты і Іспаніі.
Папа Францішак неаднаразова падтрымліваў крыкетную каманду і ўсю спартыўную супольнасць "Athletica Vaticana". Ён вызначыў асноўныя мэты іх дзейнасці: спрыяць братэрству, інклюзіўнасці і салідарнасці; сведчыць хрысціянскую веру сярод спартсменаў, як аматараў, так і прафесіяналаў; і падзяляць жыццё іншых спартсменаў.
Крыкет як мост паміж рэлігіямі і культурамі
Ватыканская крыкетная каманда ставіць сваёй галоўнай мэтай развіццё дыялогу праз спорт. Гэта датычыцца як экуменічных сувязей з іншымі хрысціянскімі канфесіямі (ужо адбыліся матчы з камандай, якую падтрымлівае англіканскі Архіепіскап Кентэрберыйскі), так і міжрэлігійнага дыялогу з прадстаўнікамі іўдаізму, ісламу, індуізму, будызму і сікхізму.
Ватыканская каманда складаецца са святароў і семінарыстаў з Індыі, Шры-Ланкі, Пакістана, Англіі і Аўстраліі, якія займаюцца навучаннем і душпастырскай дзейнасцю ў Рыме.