Азербайджанская мова папоўніла сямейства “Vatican News”
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Сімвалічна, што новая моўная версія “Vatican News” з'явілася менавіта ў дзень, калі Касцёл успамінае 20-ю гадавіну адыходу ў вечнасць святога Яна Паўла II – першага Папы, які наведаў Азербайджан. Медыя Святога Пасада цяпер гавораць на 56 мовах, уключаючы мовы жэстаў на італьянскай, іспанскай, англійскай і французскай.
Кожная тканіна складаецца з маленькіх пераплеценых нітак
"Кожная тканіна складаецца з маленькіх пераплеценых нітак. Так пабудавана і наша сістэма камунікацыі, якая з сённяшняга дня ўключае таксама азербайджанскую мову дзякуючы супрацоўніцтву з біскупам Уладзімірам Фекетэ і апостальскай прэфектурай Азербайджана", - адзначыў Паола Руфіні, прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі.
Малая супольнасць павінна быць закваскай і душой грамадства
Біскуп Фекетэ, які падтрымаў гэты праект у супрацоўніцтве з Дыкастэрыей па камунікацыі, нагадаў словы Яна Паўла ІІ, яказаныя ім у Баку 23 мая 2002 падчас гаміліі, што “малая каталіцкая супольнасць у краіне павінна быць закваскай і душой грамадства”. Азербайджанскі іерарх славацкага паходжання дадаў, што сродкі камунікацыі ў сучасным свеце ўсё больш становяцца магутным інструментам для распаўсюджвання праўды і, такім чынам, падтрымліваюць надзею чалавецтва і ўмацоўваюць веру.
Большасць мясцовых католікаў у Азербайджане не гаворыць на іншых мовах
"Большасць мясцовых католікаў у Азербайджане не гаворыць на іншых мовах, і інфармацыю з жыцця Касцёла часта шукаюць, выкарыстоўваючы крыніцы, якія не заўсёды надзейныя. Па гэтай прычыне мы вырашылі распачаць гэтую ініцыятыву з Ватыканскім радыё - Vatican News, каб падтрымаць інфармаванасць і ўмацаваць веру", - патлумачыў біскуп Фекетэ. Ён таксама адзначыў, што на азербайджанскай мове гавораць не толькі ў самой рэспубліцы, але і каля 30 мільёнаў азербайджанцаў па ўсім свеце.
Унёсак у дыялог паміж рэлігіямі
"Vatican News на азербайджанскай мове, - патлумачыў Андрэа Тарніелі, рэдакцыйны дырэктар СМІ Святога Пасада, - уяўляе сабой унёсак не толькі ў распаўсюджванне слова Папы, але і ў дыялог паміж рэлігіямі: пасланне міру Пераемніка Пятра ў свеце, ахопленым войнамі і насіллем, з'яўляецца мостам да ўсіх тых, хто не падпарадкоўваецца атмасферы замкнёнасці і нянавісці, але імкнецца будаваць шляхі сустрэч, узаемнага пазнання і братэрства".
Наша мара – платформа, дзе ўсе каталіцкія рэаліі звязаны паміж сабой
Масіміліяна Менікеці, намеснік рэдакцыйнага дырэктара, адказны за Ватыканскае радыё - Vatican News, падкрэсліў, што "прысутнасць азербайджанскай мовы ў ватыканскіх СМІ вельмі важная, бо дазваляе мільёнам людзей мець прамую сувязь з Папам, жыццём Паўсюднага Касцёла і інфармацыяй Апостальскай Сталіцы". Ён таксама дадаў: "Наша мара – платформа, дзе ўсе каталіцкія рэаліі звязаны паміж сабой, каб аб'яднаць сілы і дзяліцца ў рэжыме рэальнага часу не толькі тэкстамі, выявамі і аўдыё, але і жыццём Касцёла ў кожнай частцы свету".