Кананізацыя Карла Акуціса: надзея на прысутнасць Францішка
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
"Цырымонія абавязкова адбудзецца разам са святой Імшой", - запэўніў прэфект Дыкастэрыі па справах кананізацыі. "У цэлым мы разлічваем, што Святы Айцец будзе прысутнічаць", - дадаў ён. Кананізацыя 15-гадовага "Божага інфлюэнсера" адбудзецца падчас Юбілею Школьнай Моладзі, што надае гэтай падзеі асаблівае значэнне.
Іерарх таксама адзначыў, што толькі ў дні перад урачыстасцю стане вядома, ці будзе Францішак сам прамаўляць формулу кананізацыі. Магчыма, ён прамовіць толькі словы "пацвярджэння ці згоды", або з'явіцца на Плошчы Святога Пятра так, як у мінулую нядзелю, калі ён прыбыў на вазку ў канцы Імшы і ўдзяліў разам з цэлебрантам благаслаўленне.
"Кананізацыя не з'яўляецца сакрамэнтальным дзеяннем", - заўважыў прэфект Дыкастэрыі, падкрэсліваючы, што Папа не абавязаны быць на ёй прысутным. З юрыдычнага пункту гледжання толькі павінна быць відавочна, што кананізацыя з'яўляецца "актам Папы".
"У любым выпадку мы падрыхтаваныя да яго прысутнасці", - сказаў кардынал Сэмерара, выказваючы надзею на тое, што здароўе Святога Айца дазволіць яму ўзначаліць гэту важную для Касцёла цырымонію.
Варта адзначыць, што кананізацыя Карла Акуціса, які памёр у 2006 годзе ад лейкеміі і быў беатыфікаваны ў 2020 годзе, выклікае вялікую цікавасць сярод моладзі ва ўсім свеце. Малады італьянец, які выкарыстоўваў інтэрнэт для распаўсюджвання веры, стаў сімвалам таго, як сучасныя тэхналогіі могуць служыць евангелізацыі.