Рым рыхтуецца да Юбілею хворых і сферы аховы здароўя
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Дыкастэрыя па справах евангелізацыі паведаміла, што самыя вялікія дэлегацыі прыбудуць з Італіі, ЗША, Іспаніі, Калумбіі, Бразіліі, Францыі, Мексікі, Германіі, Харватыі, Філіпін і іншых краін.
Праграма Юбілею прадугледжвае сумесны праход праз Святую Браму Базілікі Святога Пятра, удзел у круглых сталах і мерапрыемствах культурнага і духоўнага характару, арганізаваных рознымі асацыяцыямі і рухамі ў цэнтры Вечнага горада.
5 красавіка на Іспанскай плошчы ў Рыме адбудзецца сустрэча на тэму “Каштоўнасць дару і салідарнасці”, арганізаваная ў супрацоўніцтве з італьянскім Міністэрствам аховы здароўя. Падчас яе выступяць прапрэфект Дыкастэрыі па справах евангелізацыі арцыбіскуп Рына Фізікела, міністр аховы здароўя Італіі Арацыа Скілачы і мэр Рыма Раберта Гуальцьеры.
У Папскім універсітэце Святога Крыжа пройдзе канферэнцыя на тэму паліятыўнай медыцыны, а на плошчы П'яца Рысарджэмента медыкі з розных краін будуць навучаць усіх ахвотных аказваць сардэчна-лёгачную рэанімацыю.
У рамках Юбілею хворых і сферы аховы здароўя побач з Базілікай Святога Яна на Латэране будзе дзейнічаць пункт збору крыві, а вікарыят Рымскай дыяцэзіі правядзе шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных праблемам залежнасцяў.
У касцёле Святой Монікі, побач з Ватыканам, адбудзецца канферэнцыя, прысвечаная благаслаўлёнай Бэнэдэце Б’янкі Поры – студэнтцы медыцынскага факультэта, якая памерла ад рэдкай хваробы. У сустрэчы прымуць удзел яе сястра і пастулятар яе кананізацыйнага працэсу.
Святкаванне Юбілею ўключае таксама багатую духоўную праграму з катэхезамі, малітвамі і эўхарыстычнымі адарацыямі ў інтэнцыі хворых. Кульмінацыяй падзеі стане святая Імша на Плошчы Святога Пятра, якую ў нядзелю 6 красавіка 2025 года ўзначаліць арцыбіскуп Рына Фізікела. Падчас літургіі іерарх зачытае гамілію, падрыхтаваную Папам Францішкам.