Папа Францішак: сіла прысутнасці ў эпоху віртуальнасці
Тэкст: Андрэа Тарніелі / Адаптацыя: Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Андрэа Тарніелі, праграмны дырэктар СМІ Святога Пасада, падкрэслівае глыбокае значэнне нечаканага ўдзелу Пантыфіка ў заключных момантах юбілейнай літургічнай цэлебрацыі, прысвечанай хворым і свету аховы здароўя.
"Нават у часы віртуальнай рэальнасці, калі мы верым, што можам удзельнічаць ва ўсім, застаючыся за экранам камп'ютара, фізічная прысутнасць надзвычай важная", - адзначае Тарньелі. Асабістая прысутнасць, намаганні выйсці, падарожнічаць, чакаць, хадзіць, набліжацца да іншых, пацець, знаходзіцца на сонцы ці ў непагадзь – усё гэта мае сэнс, бо дазваляе нам глядзець у вочы людзям вакол нас, адчуваць іх кампанію і быць часткай народа, які знаходзіцца ў пілігрымцы. "Сваім нечаканым жэстам Пераемнік Пятра вучыць нас, што нішто ніколі не заменіць фізічнай прысутнасці, знаходжання ў пэўным месцы", - дадае італьянскі журналіст.
Выхад Папы перад Базілікай Святога Пятра сам па сабе з'яўляецца пасланнем, больш важным за любыя словы. Нягледзячы на ўсё яшчэ слабы голас і насавыя канюлі для падачы кіслароду, ён захацеў там быць.
Тарніелі таксама падкрэслівае, што Францішак выбраў для свайго першага выхаду пасля заканчэння шпіталізацыі ў клініцы “Джэмэлі” менавіта святкаванне Юбілею, які яму асабліва блізкі – Юбілею, прысвечанага хворым, тым, хто пакутуе і даглядае за імі.
"Слабы сярод слабых, ён не адмовіўся ад перажывання "свайго" юбілею, спавядаючыся ў Базіліцы і праходзячы праз Святую Браму, як гэта робяць тысячы людзей кожны дзень", - заўважае аўтар калонкі на “Vatican News”.
Нарэшце, нечаканы выхад у нядзельную раніцу гаворыць нам пра адносіны Пастыра з яго статкам, біскупа з яго народам. Нягледзячы на рэабілітацыю і перасцярогі медыкаў, Францішак не адмовіўся ад сустрэчы з людзьмі, хоць і ўсведамляе рызыкі для свайго здароўя, якія могуць быць з гэтым звязаныя.
"Робячы так, ён кажа нам, што хоць часам абставіны могуць вымушаць віртуальны кантакт з прычыны шпіталізацыі, лакдаўну, выкліканага пандэміяй, ці немагчымасці падарожнічаць, асабістая сустрэча незаменная", - робіць выснову Тарніелі.
Журналіст заканчвае свой аналіз, цытуючы словы Папы, сказаныя крыху больш за год таму: "Любоў павінна быць канкрэтнай, любоў патрабуе прысутнасці, сустрэчы, патрабуе падораных часу і прасторы – яе нельга зводзіць да прыгожых слоў, да выяў на экране...". І гэта таксама датычыцца любові Францішка да Божага народа, да якога ён заўсёды "прамаўляў" у тым ліку жэстамі і пяшчотай.