Замацаваныя ў Хрысце: першае казанне Вялікага посту 2025 года
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Прапаведнік Папскага дома 21 сакавіка 2025 года прамовіў першае казанне Вялікага посту ў Ватыкане. Тэма разважанняў – "Замацаваныя ў Хрысце – укаранёныя і ўмацаваныя ў надзеі новага Жыцця".
У пачатку айцец Пазаліні звярнуўся да прысутных са словамі прывітання: "Браты і сёстры, няхай Пан дасць вам супакой. Звернемся з сардэчным прывітаннем да Святога Айца, які пакуль не можа быць з намі – спадзяёмся, што хутка зможа – і працягваем запэўніваць яго ў нашых малітвах".
Разважаючы над тэмай "Замацаваныя ў Хрысце", прапаведнік падкрэсліў важнасць трох духоўных рухаў, якія закранаюць глыбіню духоўнага жыцця вернікаў. Першы з іх – здольнасць адмовіцца ад сябе дзеля іншага, якая выяўляецца ў жаданні пакінуць цэнтр уласнага эга і адкрыцца на рэальнасць іншага чалавека. Езус, уваходзячы ў воды Іардана, паказвае прыклад поўнага пагружэння ў чалавечую крохкасць і гісторыю, вучачы нас будаваць сапраўдную еднасць нават у складаных і праблематычных сітуацыях.
Другі рух – пастаяннае практыкаванне навяртання, якое не зводзіцца да маральнай змены, але становіцца глыбокім пераўтварэннем спосабу бачання, меркавання і любові. Навяртанне – гэта заклік да ўнутранай праверкі, якая дапамагае вернікам асэнсаваць сваю сувязь з логікай Евангелля.
Трэці рух – здольнасць заставацца ў рэальнасці, не хаваючыся ад яе і не спрабуючы яе ідэалізаваць. Езус у сваім хросце прымае ўсе напружанні і супярэчнасці жыцця, паказваючы, што толькі праз адкрытае сутыкненне з рэальнасцю можна адчуць прысутнасць Бога, які заўсёды побач.
Прапаведнік Папскага дома завяршыў сваё разважанне малітвай: "Святы Ойча, які ў хросце Твайго ўмілаванага Сына выявіў Тваю дабрыню да людзей, дай тым, хто адрадзіўся ў вадзе і Духу, жыць пабожна і справядліва ў гэтым свеце, каб атрымаць у спадчыну вечнае жыццё. Праз Пана нашага Езуса Хрыста".
Серыя велікапосных разважанняў айца Раберта Пазаліні працягнецца ў наступныя тыдні Вялікага посту, дапамагаючы вернікам глыбей увайсці ў таямніцу жыцця Хрыста і падрыхтавацца да святкавання Вялікадня.
Варта адзначыць, што сёлета на казанні, якія гучаць па пятніцах у Зале Паўла VI, могуць прыйсці ўсе ахвотныя, што павінна дазволіць вернікам паглыбіць сваё духоўнае жыццё ў гэты важны перыяд літургічнага года.