Юбілей валанцёраў: у Рыме чакаецца 25 тысяч пілігрымаў
Аляксандр Панчанка – Vatican News
У Юбілеі валанцёраў чакаецца ўдзел каля 25 тысяч прадстаўнікоў грамадскіх і дабрачынных арганізацый. Пераважная большасць пілігрымаў – каля 15 тысяч чалавек – будзе прадстаўляць Італію, дзе традыцыі валантарыяту глыбока ўкаранёныя ў культуру і жыццё грамадства. Сярод іх будуць дэлегаты ад валанцёрскай канфедэрацыі Misericordie, Грамадзянскай абароны і Caritas. З іншых краін вялікія групы прыбудуць з Іспаніі, ЗША, Бразіліі, Польшчы, Аргенціны, Мексікі, Калумбіі, Аўстраліі, Чылі, Эквадора і Індыі.
У суботу, 8 сакавіка, валанцёры здзейсняць пілігрымку да Святой Брамы ватыканскай базілікі. У юбілейных касцёлах Рыма для іх будзе арганізавана магчымасць прыступіць да сакрамэнту споведзі.
Пілігрымы змогуць паўдзельнічаць у сустрэчах на тэму культуры, мастацтва і духоўнасці, а на старажытных плошчах Вечнага горада будуць размешчаны адмысловыя пункты, у якіх прадстаўнікі валанцёрскіх арганізацый будуць расказваць пра свае ініцыятывы і праекты і праводзіць круглыя сталы, абмяркоўваючы актуальныя выклікі для валантарыяту.
Кульмінацыйным момантам Юбілею валанцёраў стане святая Імша, якую ў нядзелю, 9 сакавіка, на Плошчы Святога Пятра ўзначаліць кардынал Майкл Чэрны, прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. Іерарх зачытае гамілію, падрыхтаваную Папам Францішкам спецыяльна да гэтай падзеі.
Юбілей валанцёраў стане пятай вялікай падзеяй Юбілею 2025 года. Яму папярэднічалі юбілейныя сустрэчы прадстаўнікоў сферы медыя, узброеных сіл, паліцыі і службаў бяспекі, дыяканаў, а таксама дзеячаў культуры і мастацтва.