Велікапоснае “statio” у Ватыкане: выстаўленне дзіды святога Лангіна
Аляксандр Панчанка - Vatican News
На працягу сарака дзён Вялікага посту ў Рыме праводзяцца так званыя “стацыйныя” набажэнствы. У рамках гэтай старажытнай традыцыі вернікі і пілігрымы кожны дзень збіраюцца разам з Папам або яго прадстаўніком на малітву ў адным з рымскіх касцёлаў. Спіс святыняў і каляндар іх наведвання быў складзены Папам Грыгорыем Вялікім.
Увечары 15 сакавіка 2025 года, у літургічны ўспамін святога Лангіна, набажэнства, якое ўключае малітву літаніі да ўсіх святых, кароткую працэсію і эўхарыстычную цэлебрацыю, прайшло ў Базіліцы Святога Пятра. Яго ўзначаліў кардынал Маўра Гамбэці, арцыпрэзбітэр ватыканскага сабора.
Падчас набажэнства працэсія падышла да Лоджыі святой Веранікі, дзе адбылося выстаўленне адной з рэліквій базілікі – наканечніка дзіды, якой, згодна са старажытным паданнем, рымскі сотнік Лангін прабіў бок укрыжаванаму на Галгоце Езусу Хрысту. Рэліквія была падаравана Папу Інакенцію VIII асманскім султанам Баязідам II напрыканцы XV стагоддзя. Лічыцца, што перад тым, як трапіць у Рым, яна захоўвалася ў Канстанцінопалі.