Ватыканскія ўрачы правялі “Раніцу здароўя” для бежанцаў
Аляксандр Панчанка - Vatican News
У нядзелю, 23 сакавіка 2025 года, кардынал Конрад Краеўскі разам з групай ватыканскіх медыкаў наведаў “Selam Palace” на ўскраіне Рыма, дзе знайшлі прытулак сотні мігрантаў і бежанцаў з Блізкага Усходу і краін Афрыканскага Рога.
У медыцынскай ініцыятыве ўзялі ўдзел спецыялісты розных напрамкаў: дэрматолагі, афтальмолагі, стаматолагі, отарыналарынголагі, гастраэнтэролагі і інфекцыяністы. Яны абследавалі і аказалі першую медыцынскую дапамогу амаль 500 пацыентам, якія жывуць у складаных умовах і маюць абмежаваны доступ да медыцынскіх паслуг.
У акцыі былі задзейнічаны два ватыканскія аўтамабілі хуткай дапамогі, якія дастаўлялі мігрантаў і бежанцаў, што патрабавалі больш грунтоўнага абследавання, у амбулаторны цэнтр пад каланадай плошчы Святога Пятра.
Кардынал Краеўскі ўжо неаднаразова наведваў “Selam Palace”, прывозіў яго жыхарам гуманітарную дапамогу і неабходныя рэчы. “Гэта праява канкрэтнай любові да бліжняга, якой нас вучыць Хрыстус”, - адзначыў Апостальскі элемазінарый, нагадваючы, што Вялікі пост павінен быць часам, калі мы дзелімся з іншымі людзьмі дарамі, атрыманымі ад Бога.