Святы Пасад: змагацца з рабствам з дапамогай адукацыі
Марыя Валодзіна - Vatican News
Мансеньёр Хуан Антоніа Круз Серана прыняў удзел у спецыяльнай сесіі Пастаяннага савета ААД, якая прайшла 25 сакавіка 2025 года ў Вашынгтоне з нагоды Міжнароднага дня памяці ахвяр рабства і трансатлантычнага гандлю рабамі. Ён выказаў задавальненне ў сувязі з тым, што ААД падтрымлівае намаганні ў абарону годнасці людзей афрыканскага паходжання, такія як VIII Міжамерыканскі тыдзень афраамерыканцаў у Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы. Натхненнем для яго правядзення паслужыла знакамітая фраза Марціна Лютэра Кінга-малодшага "У мяне ёсць мара".
Папа Францішак не раз сцвярджаў, што рабства ператварае чалавека ў аб'ект, каштоўнасць якога зводзіцца да таго, ці можа ён быць карысным для каго-небудзь або чаго-небудзь. Таму ніколі нельга забываць гісторыю рабства і гандлю рабамі. Таксама мы павінны ўсведамляць, што рабства не засталося ў мінулым, але, на жаль, працягваецца і сёння ў розных краінах. “Калі мы сёння заплюшчым вочы і вушы на гэтую з'яву, мы будзем яе саўдзельнікамі”, - папярэдзіў дыпламат.
Прадстаўнік Святога Пасада заклікаў да “лепшай каардынацыі намаганняў урадаў, судовых і заканадаўчых органаў і сацыяльных службаў". Гэтыя намаганні павінны быць аднадушнымі і патрабуюць дасягнення той мірнай гармоніі паміж народамі, у якой прызнанне чалавечай годнасці займае цэнтральнае месца.
Святы Пасад пацвярджае сваю прыхільнасць адукацыі, асабліва яе “маральным, сацыяльным і духоўным” аспектам, накіраваным на пабудову больш справядлівага грамадства, якое ўключала б групы людзей, якія часта застаюцца нябачнымі, такія як ахвяры гандлю людзьмі, - зазначыў мансеньёр Круз Серана.
У заключэнне дыпламат падзякаваў усім прысутным за блізкасць да Папы Францішка падчас яго нядаўняй шпіталізацыі.