Арцыбіскуп Габрыэле Кача, Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН Арцыбіскуп Габрыэле Кача, Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН  

Святы Пасад: інвеставаць у мір, а не ў эскалацыю вайны

Занепакоенасць з нагоды вяртання рыторыкі ваеннага стрымлівання выказаў у ААН арцыбіскуп Габрыэле Кача. Ён заклікаў сусветную супольнасць змяніць прыярытэты і накіраваць намаганні на ўмацаванне бяспекі і на цэласнае развіццё чалавека.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН прыняў удзел у Трэцяй сустрэчы дзяржаў-удзельніц Дагавора аб забароне ядзернай зброі, якая 4 сакавіка 2025 года прайшла ў Нью-Ёрку. Гэтая дамова з'яўляецца першым юрыдычна абавязковым інструментам для поўнай забароны ядзернай зброі. Яна ўступіла у сілу 22 студзеня 2021 года. На сённяшні дзень яе ратыфікавалі 73 дзяржавы, у тым ліку і Святы Пасад.

Дыпламат звярнуў увагу на жахлівыя наступствы выкарыстання ядзернай зброі, нагадаўшы пра 80-ю гадавіну бамбардзіровак Хірасімы і Нагасакі. Зброя масавага знішчэння не толькі забівае людзей, але і пакідае “доўгатэрміновыя экалагічныя, псіхалагічныя і культурныя наступствы”, падкрэсліў ён. (ПОЎНЫ ТЭКСТ)

Прадстаўнік Святога Пасада выказаў занепакоенасць тым, што шматлікія дзяржавы скіроўваюць фінансавыя рэсурсы на нарошчванне ўзбраенняў, замест вырашэння глабальных праблем, такіх як беднасць і голад. Ён заклікаў інвеставаць у стабільны і трывалы мір, які будуецца не на страху і супрацьстаянні, а на братэрстве і ўзаемаразуменні.

"Міжнародная супольнасць нясе калектыўную адказнасць за гарантыю таго, каб зверствы мінулага не паўтарыліся, а будучыя пакаленні былі абаронены ад катастрафічных наступстваў ядзернай вайны", - адзначыў арцыбіскуп Кача.

06 сакавіка 2025, 10:54