Rosary prayer for Pope Francis Pope Francis

Паслы пры Святым Пасадзе маліліся за здароўе Францішка

Імша аб здароўі Папы прайшла ўвечары 3 сакавіка 2024 года ў касцёле Санта-Марыя-Дэль-Аніма ў Рыме, дзе штодзённа праводзяцца набажэнствы на нямецкай мове. У ёй узялі ўдзел больш за 20 дыпламатаў, акрэдытаваных пры Святым Пасадзе.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Я думаю, што гэта была цудоўная і глыбокая спроба накіраваць сэрцы ў адзін бок”, - сказаў у каментарыі для Vatican News рэктар касцёла, ксёндз Міхаэль Макс.

“Калі ў дыпламатычным корпусе сэрцы часам могуць біцца ў розных культурных і моўных рытмах, дык у малітве за Святога Айца яны яднаюцца і знаходзяць агульны кірунак. Я перакананы, што гэта ўмацоўвае як тых, хто моліцца, так і таго, за каго моляцца”, - дадаў святар.

Імша праходзіла на італьянскай, нямецкай і лацінскай мовах. Яна адбылася па ініцыятыве пасольстваў Аўстрыі і Германіі. У літургіі прынялі ўдзел паслы Швейцарыі, Італіі, Іспаніі, Партугаліі, Арменіі, Славакіі, Чэхіі, Анголы, а таксама прадстаўнікі Турцыі, Балгарыі, Сербіі і Гаіці.

Францішак знаходзіцца ў рымскім шпіталі “Джэмэлі” з 14 лютага. Яшчэ на пачатку яго шпіталізацыі Імша аб здароўі Святога Айца прайшла па ініцыятыве пасольства Аргенціны пры Апостальскай Сталіцы. Кожны вечар у гэтай інтэнцыі на Плошчы Святога Пятра праводзіцца Ружанец, які ўзначальвае адзін з кардыналаў, прысутных у Рыме.
 

04 сакавіка 2025, 08:25