Велікапосныя рэкалекцыі ў Ватыкане Велікапосныя рэкалекцыі ў Ватыкане

Айцец Пазаліні: вечнае жыццё належыць тым, хто любіць без разліку

Раніцай 10 сакавіка 2025 года ў ватыканскай Зале Паўла VI прагучала другое велікапоснае казанне для Рымскай курыі. Прапаведнік Папскага дома адзначыў, што вечнае жыццё залежыць не ад маральных дасягненняў, а ад любові да іншых.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Прытча пра Апошні Суд, апісаная ў Евангеллі паводле Мацвея і адлюстраваная на знакамітай фрэсцы Мікеланджэла, звычайна тлумачыцца як заклік да дабрачыннасці. Аднак больш пільны аналіз выяўляе нечаканую перспектыву: гэта не суд у традыцыйным разуменні, а “сцвярджэнне рэчаіснасці, якую ўжо зведаў кожны”. Крытэрыем доступу да Валадарства Божага з'яўляецца не рэлігійная прыналежнасць, а “канкрэтная любоў да малодшых братоў, якіх у Евангеллі ўвасабляюць вучні Езуса”. Адказнасць хрысціян, такім чынам, заключаецца не ў тым, каб рабіць дабро, а ў тым, каб дазволіць іншым рабіць яго, - сцвердзіў айцец Рабэрта Пазаліні.

Акрамя таго, прытча пераварочвае звычайнае разуменне суда: і праведнікі, і грэшнікі здзівіліся словам Валадара, бо ўчыненае ім дабро было натуральным і неўсвядомленым. Гэта сведчыць аб тым, што доступ да вечнага жыцця залежыць не ад маральных дасягненняў, а ад здольнасці любіць без разліку, - сказаў францішканін.

Катэхізіс сцвярджае, што ў канцы вякоў Валадарства Божае з'явіцца ва ўсёй паўнаце, пераўтвараючы чалавецтва і космас у "новае неба і новую зямлю". Гэтая надзея грунтуецца на абяцанні Хрыста, які заклікае нас жыць ужо цяпер у гэтай перспектыве, з упэўненасцю, што Бог пераменіць чалавецтва па сваім вобразе і падабенстве, у адпаведнасці з той задумай любові, якая існуе з самага пачатку, - адзначыў прапаведнік.

Езус абвясціў вечнае жыццё не як будучую і далёкую рэчаіснасць, а як стан, ужо цяпер даступны тым, хто чуе Яго словы і верыць у Айца (Ян 5:24). Евангелле заклікае нас прызнаць, што вечнае жыццё ўжо пачалося: яно праяўляецца ў тым, як мы жывём і любім, адкрываючыся на прысутнасць Бога. “Сапраўдным сюрпрызам Апошняга Суда будзе разуменне таго, што Бог не меў адносна нас ніякіх чаканняў, акрамя поўнага прызнання нас сваімі дзецьмі, ужо пагружанымі ў Яго вечнасць”, - заключыў сваё казанне айцец Пазаліні.

10 сакавіка 2025, 13:23