Новыя святыя і благаслаўлёныя: Папа зацвердзіў дэкрэты
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Паводле інфармацыі, апублікаванай 31 сакавіка 2025 года, Святы Айцец зацвердзіў некалькі дэкрэтаў, якія набліжаюць да хвалы алтара некалькіх слуг Божых. Сярод іх – прызнанне цудаў, неабходных для беатыфікацыі і кананізацыі, а таксама прызнанне гераічнасці цнотаў.
Быў зацверджаны дэкрэт аб цудзе, які адбыўся дзякуючы заступніцтву благаслаўлёнай Марыі з гары Кармэль (у свеце Кармэн Элена Рэндзілес Марцінэс), заснавальніцы Кангрэгацыі Служак Езуса. Яна нарадзілася 11 жніўня 1903 года ў Каракасе (Венесуэла) і там жа памерла 9 мая 1977 года.
Таксама быў зацверджаны дэкрэт аб цудзе, які адбыўся дзякуючы заступніцтву слугі Божага Кармэла Дэ Пальма, дыяцэзіяльнага святара, які нарадзіўся 27 студзеня 1876 года ў Бары (Італія) і там жа памёр 24 жніўня 1961 года.
Акрамя таго, Францішак прызнаў гераічнасць цнотаў слугі Божага Жазэ Антоніу Марыя Ібіапіна, дыяцэзіяльнага святара, які нарадзіўся 5 жніўня 1806 года ў Сабрале (Бразілія) і памёр 18 лютага 1883 года ў Арары (Бразілія).
Святы Айцец таксама зацвердзіў станоўчыя рашэнні звычайнай сесіі кардыналаў і біскупаў – чальцоў Дыкастэрыі адносна кананізацыі двух благаслаўлёных: Ігнацыя Шукралаха Малаяна, армянска-каталіцкага арцыбіскупа Мардзіна, які нарадзіўся 15 красавіка 1869 года ў Мардзіне (Турцыя) і памёр 11 чэрвеня 1915 года ў Кара-Кеупру (Турцыя); Пятра То Рота, свецкага катэхета, які нарадзіўся ў 1912 годзе ў Ракунаі (Папуа-Новая Гвінея) і там жа памёр у ліпені 1945 года.
Як паведамляе Дыкастэрыя, справы гэтых благаслаўлёных разам з іншымі ўключаць у парадак дня будучага кансісторыя, прысвечанага наступным кананізацыям.