Гаэтана Прэвіаці. Via Crucis Гаэтана Прэвіаці. Via Crucis 

Крыжовы шлях Прэвіаці вярнуўся ў ватыканскую базіліку

Чатырнаццаць жывапісных палотнаў італьянскага мастака Гаэтана Прэвіаці з цыклу Via Crucis вярнуліся ў Базіліку Святога Пятра ў Ватыкане і будуць знаходзіцца там на працягу ўсяго Вялікага посту.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

У пятніцу, 7 сакавіка 2025 года, карціны з выявамі стацый Крыжовага шляху, якія звычайна захоўваюцца ў фондах Ватыканскіх музеяў, былі ўстаноўлены ў цэнтральнай наве і трансепце базілікі.

Цыкл Via Crucis быў намаляваны Прэвіаці ў 1901–1902 гадах. Палотны выстаўляюцца ў ватыканскім саборы падчас Вялікага посту ўжо чацвёрты год запар. Яны дапамагаюць пілігрымам паразважаць над мукай Езуса Хрыста як у прыватным парадку, так і падчас арганізаваных набажэнстваў, што праводзяцца ў базіліцы кожную пятніцу а 16:00.

Карціны, упершыню прадстаўленыя на Турынскай квадрыенале ў 1902 годзе, а затым у Парыжы ў 1907 годзе і Мілане ў 1910 годзе, належаць да мастацкай плыні дывізіянізму.

Чатырнаццаць палотнаў, для якіх характэрныя цёплыя тоны і пурпурна-чырвоны колер адзення Хрыста, былі перададзены ў калекцыю сучаснага рэлігійнага мастацтва Ватыканскіх музеяў у пачатку 1970-х гадоў. Гэтая калекцыя фармавалася згодна з пажаданнем Папы Паўла VI.
 

08 сакавіка 2025, 12:19