Кардынал Тагле новым біскупам: мы – слугі Божай задумы
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Ва ўрачыстасць святога Юзафа, 19 сакавіка 2025 года, кардынал Тагле ўзначаліў Імшу ў Базіліцы Святога Пятра, падчас якой удзяліў біскупскую сакру двум нядаўна прызначаным іерархам. Пасвячэнне атрымалі мансеньёр Самуэль Сангалі, дапаможны сакратар Дыкастэрыі па евангелізацыі, і мансеньёр Дыега Рамон Сарыа Кукарэла з кангрэгацыі Місіянераў Афрыкі, пастыр дыяцэзіі Лагуат у Алжыры.
У гаміліі прапрэфект нагадаў, што біскупы пакліканы быць пастырамі – настаўнікамі веравучэння, святарамі Божага культу і слугамі касцёльнага кіравання. Ён адзначыў, што гэтую задачу можна выканаць толькі з дапамогай Божай ласкі, чэрпаючы натхненне з такіх постацей, як святы Юзаф, які з’яўляецца прыкладам распазнання і прыняцця Божага паклікання.
“Яго вера не была пасіўнай згодай з Богам, але падштурхоўвала яго дзейнічаць згодна з Яго воляй”, – сказаў кардынал Тагле. “Мы – слугі Божага замыслу”, – дадаў ён, заклікаючы новых іерархаў, па прыкладзе святога Юзафа, прысвячаць свае сілы здзяйсненню Божых мараў больш, чым уласных, а таксама кіравацца верай, а не пошукам асабістага поспеху.
Прапрэфект згадаў, што Евангелле не пераказвае слоў Юзафа, але апісвае яго дзеянні, скіраваныя на выратаванне, клопат і абарону Езуса: “Яго словы цьмянеюць перад найвялікшым Словам”. Таксама і біскупскае служэнне павінна пакідаць месца для Божага слова, - адзначыў іерарх, заклікаючы новых біскупаў па прыкладзе святога Юзафа жыць для іншых.