Кардынал Джанфранка Равазі. Ілюстрацыйнае фота Кардынал Джанфранка Равазі. Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Кардынал Равазі: лідар патрабуе праўды, дабра і прыгажосці

Пра патрэбу ў фармацыі лідараў, якія імкнуцца да праўды, дабра і прыгажосці, нагадаў італьянскі кардынал Джанфранка Равазі падчас канферэнцыі аб лідарстве ў Касцёле, палітыцы і грамадстве, якая прайшла 26 сакавіка 2025 года ў Папскім Латэранскім універсітэце.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Старшыня-эмерыт Папскай рады па культуры засяродзіў увагу на трох асноўных характарыстыках лідарства, без якіх яно ператвараецца ў высакамернасць і самавольства. Гаворка ідзе пра спалучэнне цнотаў verum, bonum, pulchrum – праўды, дабра і прыгажосці.

Праўда як аснова ўлады

Лідарства патрабуе праўдзівасці, якая грунтуецца на ведах, набытых праз навучанне. Гэта не толькі ўменне аб’ектыўна разважаць, але і здольнасць прымаць крытыку, аналізаваць і ацэньваць розныя погляды. Лідар, які пазбягае праўды, страчвае давер і не можа быць сапраўдным аўтарытэтам, - падкрэсліў кардынал Джанфранка Равазі.

Дабро як аснова маральнасці

Сапраўдны лідар павінен умець адрозніваць дабро і зло, але пры гэтым заставацца чалавекам, які практыкуе прабачэнне, - дадаў ён, нагадваючы таксама, што справядлівасць не можа існаваць без чалавечнасці. Гэты аспект падкрэслівае значэнне этыкі і маральнай паслядоўнасці, якія фарміруюць давер і павагу да лідара.

Прыгажосць як эстэтыка дабра

Лідарства таксама звязана з паняццем прыгажосці, якая спалучае дабро і карыснасць. Таму лідар павінен дзейнічаць годна, з пачуццём стылю і з наватарскім падыходам. Ён павінен умець быць сціплым, нават калі займае высокае становішча. Тут зноў узгадваецца прыклад Хрыста, які прыйшоў служыць, а не каб Яму служылі, падкрэсліў кардынал Равазі.
 

27 сакавіка 2025, 10:44