Кардынал Паралін правёў тэлефонную размову з прэзідэнтам Украіны
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што “пажадаў выздараўлення Папу Францішку і падзякаваў за малітвы і маральную падтрымку ўкраінскага народа, а таксама за спрыянне ў вяртанні дамоў украінскіх дзяцей, дэпартаваных Расіяй”. Ён паведаміў, што “Святы Пасад атрымаў спіс украінцаў і ўкраінак, якіх утрымліваюць у расійскіх турмах і лагерах”. “Мы разлічваем на падтрымку ў іх вызваленні”, - дадаў Зяленскі.
Прэзідэнт Украіны назваў абмен палоннымі і прыпыненне агню “першымі хуткімі крокамі, якія могуць значна наблізіць усіх нас да справядлівага і трывалага міру”. “Украіна гатовая іх зрабіць, бо ўкраінскі народ больш за ўсіх хоча міру”, - запэўніў ён, выказаўшы перакананасць у тым, што “голас Святога Пасаду вельмі важны на шляху да міру”.
Факт тэлефоннай размовы паміж кардыналам П’етра Паралінам і Уладзімірам Зяленскім пацвердзіў кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Матэа Бруні.