2024.07.11 vecchiaia vecchi nonni anziani

Кардынал Паралін: даўгалецце – вялікі выклік нашага часу

Сапраўдная паўната жыцця заключаецца не ў колькасці пражытых гадоў, а ў якасці адносін, у любові, якую мы аддаём і атрымліваем, у глыбокім пачуцці прыналежнасці да супольнасці, - адзначыў кардынал П'етра Паралін.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

24 сакавіка 2025 года Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы выступіў з прывітальным словам на Саміце аб даўгалецці, арганізаваным Папскай акадэміяй жыцця ва ўніверсітэце “Аўгусцініянум” у Рыме.

“Даўгалецце – адзін з найважнейшых выклікаў нашага часу, бо гэта пытанне не толькі медыцынскае – яно закранае ўсё грамадства, уключаючы эканоміку, культуру, этыку і духоўнасць”, - падкрэсліў кардынал Паралін.

“Мы жывём у эпоху, схільную да адмаўлення абмежаванняў і крохкасці, быццам старасць – гэта праблема, якую трэба схаваць. Але жыццё – гэта дар, і яно захоўвае сваю каштоўнасць на кожным этапе. Мы не павінны паддавацца ілюзіі прагрэсу, які імкнецца да біялагічнай несмяротнасці, забываючы, што сапраўдная паўната жыцця заключаецца не ў колькасці гадоў, а ў якасці адносін, у любові, якую мы аддаём і атрымліваем, у глыбокім пачуцці прыналежнасці да супольнасці”, - дадаў ён.

Дзяржаўны сакратар пажадаў, каб “навуковыя і тэхналагічныя даследаванні” былі скіраваныя на “цэласнае дабро чалавека” і “служэнне чалавечай годнасці і сусветнаму братэрству”.

“Даўгалецце не павінна стаць прывілеем для нямногіх ці новай формай сацыяльнай няроўнасці”, - адзначыў ён, падкрэсліўшы таксама важнасць узаемаадносін паміж маладымі і пажылымі людзьмі для дасягнення “салідарнасці паміж пакаленнямі” і пераадолення “культуры індывідуалізму”.
 

25 сакавіка 2025, 09:07