Храм Гробу Пана ў Іерусаліме. Ілюстрацыйнае фота Храм Гробу Пана ў Іерусаліме. Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал Гуджэроці: дапаможам адрадзіць жыццё ў Святой Зямлі

Кардынал Клаўдыё Гуджэроці, прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў, звярнуўся з заклікам да ўсіх каталіцкіх біскупаў свету падтрымаць традыцыйны збор ахвяраванняў для Касцёла ў Святой Зямлі, які штогод праводзіцца ў Вялікую пятніцу.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Іерарх адзначыў, што перамір’е ў Святой Зямлі застаецца вельмі кволым і яго недастаткова для вырашэння праблем і выкаранення нянавісці ў гэтым рэгіёне. “Мы бачылі слёзы, роспач і разбурэнні. Цяпер мы маем надзею на тое, што трыумф смерці не стане яе вечнай перамогай”, - напісаў кардынал, нагадваючы, што менавіта на гэта зямля бачыла ўваскрасенне Езуса.

Прэфект працытаваў словы Папы пра важнасць прысутнасці і сведчання хрысціянскай супольнасці ў рэгіёне, а таксама нагадаў пра абавязак усяго Касцёла падтрымліваць жыццё, якое адраджаецца ў Святой Зямлі. “Усе, пачынаючы ад дзяцей, маюць права жыць у міры, мець дом і школу, гуляць разам без страху зноў убачыць д’ябальскую ўсмешку смерці”, - падкрэсліў ён.

Кардынал Гуджэроці адзначыў, што святыя месцы на Блізкім Усходзе з’яўляюцца “ўцелаўленнем Уцелаўлення”. Пры іх узніклі шматлікія ініцыятывы, вельмі каштоўныя для душпастырства: парафіі, школы, шпіталі, дамы састарэлых, цэнтры дапамогі мігрантам, абяздоленым, бежанцам. Збор ахвяраванняў у Вялікую пятніцу, заснаваны святым Паўлам VI, дапамагае захоўваць і падтрымліваць дзейнасць гэтых структур.

Іерарх назваў ахвяраванні “неад’емным рэсурсам” для хрысціянскіх супольнасцей Святой Зямлі, асабліва з улікам нядаўняй пандэміі, амаль поўнага спынення пілігрымак і дробнай прадпрымальніцкай дзейнасці хрысціян, якія вымушаны пакідаць рэгіён.

“Святая Зямля, святыя месцы, Святы Божы народ – гэта наша сям’я, бо з’яўляюцца спадчынай усіх нас”, - напісаў кардынал Гуджэроці, падкрэсліўшы, што ад шчодрасці ахвярадаўцаў залежыць выжыванне каштоўнай касцельнай прысутнасці ў рэгіёне, якая сягае сваімі каранямі да часоў Езуса.

Прэфект заклікаў біскупаў успрыняць збор ахвяраванняў у Вялікую пятніцу як “душпастырскі прыярытэт” і не арганізоўваць у мясцовых Касцёлах “паралельных” збораў, каб не парушаць сэнс і эфектыўнасць ініцыятывы Наступніка святога Пятра.

Дыкастэрыя па справах Усходніх Цэркваў паведаміла, што 65% ахвяраванняў перадаецца непасрэдна Кустодыі Святой Зямлі, а 35% сродкаў размяркоўвае само ватыканскае ведамства. Фінансавыя рэсурсы выкарыстоўваюцца на ўтрыманне санктуарыяў, душпастырскіх структур адукацыйнага, дабрачыннага, медыцынскага і сацыяльнага характару на тэрыторыі Іерусаліма, Палесціны, Ізраіля, Іарданіі, Кіпра, Сірыі, Лівана, Егіпта, Эрытрэі, Турцыі, Ірана і Ірака. З гэтых сродкаў атрымліваюць дапамогу таксама маладыя семінарысты і святары, законнікі і законніцы, а таксама свецкія душпастырскія работнікі.
 

17 сакавіка 2025, 12:29